Папраўкі ў даклад Палецкіса
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
12.06.2013 17:10
Эўрадэпутат М.Мігальскі ўнёс 20 паправак у даклад Палецкіса
fot. European Commission
Дэпутат Эўрапарлямэнту Марэк Мігальскі ўнёс 20 паправак у даклад аб сытуацыі ў Беларусі, які быў падрыхтаваны Юстасам Палецкісам для Эўракамісіі, Рады ЭЗ і Службы зьнешніх дзеяньняў Эўракамісіі. Пра гэта паведамляецца на сайце Мігальскага.
"Пазыцыя Эўрапарлямэнту па Беларусі павінна быць рашучай і пасьлядоўнай, — заявіў Мігальскі. — Мы павінны падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць, нагадваць аб палітычных зьняволеных і сачыць, каб праваабаронцы былі ў бясьпецы. Таксама неабходна паказаць Лукашэнку, што ЭЗ ня згодны зь яго палітыкай".
Найбольш важныя з унесеных паправак тычацца праблем масавых арыштаў, палітычна матываваных крымінальных спраў супраць прадстаўнікоў апазыцыі і рэпрэсій супраць праваабаронцаў ды незалежных СМІ.
Акрамя таго, Мігальскі нагадаў пра палітвязьняў у Беларусі, у тым ліку пра Алеся Бяляцкага.
Таксама Мігальскі адзначыў, што на саміт Усходняга партнэрства восеньню ў Вільню павінны быць запрошаныя прадстаўнікі беларускай апазыцыі.
Нагадаем, справаздача дакладчыка дэлегацыі Эўрапарлямэнту па Беларусі была падрыхтаваная па выніках сакавіцкага візыту Юстаса Палецкіса ў Менск і выклікала неадназначную рэакцыю ў Беларусі. Прадстаўнікі апазыцыі й праваабаронцы раскрытыкавалі словы аб паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека ў краіне ў 2012 годзе. Палецкіс, у сваю чаргу, сьцьвярджае, што такую выснову ён зрабіў на падставе інфармацыі беларускіх праваабаронцаў. Пазьней, аднак, эўрадэпутат прызнаў: фармулёўка аб „паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека” ў справаздачы няўдалая і будзе зьмененая.
БелаПАН