Logo Polskiego Radia
Print

Прагноз для рынку працы

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 05.01.2013 14:13
Прэм’ер-міністар Д.Туск абвясьціў аб стварэньні ў гэтым годзе 400.000 новых працоўных месцаў.

Фота:



Заробкі зьмяншаюцца, фірмы не прымаюць новых працаўнікоў — сытуацыя на рынку працы невясёлая. Урад, аднак, не губляе надзеі на лепшае.

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск абвясьціў аб стварэньні ў гэтым годзе 400.000 новых працоўных месцаў. Экспэрты, аднак, сумняюцца, што гэтая лічба рэальная.

Як заўважае экспэрт „Працадаўцаў Польшчы” Пётр Рагавецкі, стварэньне новых працоўныx месцаў зьвязанае з эканамічным ростам, а ён невялікі. Таму чаканьні ўраду завышаныя.

Пётр Рагавецкі: Наш унутраны попыт, я маю на ўвазе прыватнае спажываньне, мякка кажучы, умеркаваны. Людзі баяцца, што могуць страціць працу, таму менш купляюць. Мне цяжка пагадзіцца з тым, што ў нас прыбудуць новыя працоўныя месцы, калі эканамічны рост будзе ніжэйшым за 2% ВУП. Таму я з дыстанцыяй падыходжу да прагнозаў, што прыбудзе 400 тыс. месцаў працы.

Выратаваньнем для эканомікі, паводле Пятра Рагавецкага, могуць аказацца інфраструктурныя інвэстыцыі, хоць пакуль невядома, якія сёлета сумы будуць прызначаныя на гэтую мэту.

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск разьлічвае, што стварэньню новых працоўных месцаў будуць спрыяць 300 млрд злотых з фондаў Эўразьвязу, разьлічныя на 2014-2020 г.г., якія Польшча імкнецца атрымаць. Прэм’ер-міністар абвясьціў таксама, што рыхтуецца рэформа біржаў працы.

Усё гэта добра, кажа эканаміст Пётр Рагавецкі, але трэба памятаць, што працоўныя месцы стварае рэальная эканоміка. Таму, калі макраэканамічныя ўмовы будуць неспрыяльныя і ў эканоміцы будзе назірацца застой, то няма чаго чакаць цудаў.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт