Logo Polskiego Radia
Print

Ня толькі крызыс мяняе харчовы рынак

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 11.12.2012 17:31
Напрыклад, на продаж кавы ўплываюць зьмены спажывецкіх звычак палякаў.

/

У 2013 годзе продаж харчовых прадуктаў можа павялічыцца ўсяго на 2%. Гэта ня толькі ўплыў эканамічнага спаду, а й новых тэндэнцыяў, якія выразна бачныя, напрыклад, у кававым сэктары.

У будучым годзе на прадукты харчаваньня палякі выдаткуюць амаль 57 мільярдаў эўра – гэта прагноз дасьледчыцкай фірмы PMR. Паводле экспэртаў, 2013 год будзе чарговым ненайлепшым годам для рынку харчовых прадуктаў. PMR ацэньвае, што ў бягучым годзе, вартасьць харчовага рынку павялічвацца на 2,5% ды галоўным чынам дзякуючы дыскаўнтэрам. Іхная доля на рынку дасягае 17% і яна ў два разы большая, чым яшчэ пяць гадоў таму.

Тым часам на зьмяншэньне нашых спажывецкіх выдаткаў уплывае ня толькі крызыс, а й зьмена спосабу спажываньня. Адной з галінаў, якіх тычацца гэтыя зьмены, зьяўляецца польскі рынак кавы. Паводле дасьледчыцкай фірмы „Euromonitor International”, сёлета розьнічны продаж кавы складзе амаль 109 тонаў, то бок, на амаль паўтысячы менш, чым год таму. Да 2015 года продаж кавы можа ўпасьці нават да 106 тысячаў тонаў.

Зьмяншэньне памераў продажу кавы ў розьнічным гандлі можа вынікаць са зьмены спажывецкіх звычак палякаў, то бок, з росту спажыцьця кавы па-за домам, асабліва ў многіх кафэ, - лічаць экспэрты. Апрача таго, апошнім часам на польскім рынку асаблівай папулярнасьцю карыстаюцца кававаркі, кава да якіх прадаецца ў адмысловых дозах (капсулах).

У 2011 годзе продаж гэткіх кававарак павялічыўся прыкладна на 40% і, паводле прагнозаў, таксама сёлета будзе ўтрымлівацца на падобным узроўні. Гэта ўдвая большы рост, чым сярэдняя па продажу астатніх відаў кававарак. Гэта таксама лепшы вынік па продажу дробнай бытавой тэхнікі ў Польшчы.

Паводле фірмы „ Euromonitor International”, сёлета палякі выдаткуюць на кававаркі 28 мільёнаў эўра, у 2015 годзе - 33 мільёны эўра.

На думку экспэртаў, таксама бліжэйшыя гады будуць удалымі для кававай галіны, паколькі насычаньне польскага рынку даволі невялікае ў параўнаньні з Заходняй Эўропай. Найбуйнейшымі рынкамі дазаванай кавы зьяўляюцца Швэйцарыя, Францыя, краіны Бэнілюксу й Нямеччына.

ekonomia24.pl/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт