Logo Polskiego Radia
Print

Урад абвясьціў праграму in vitro

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.10.2012 16:18
У ейных рамках пацыенты змогуць скарыстацца трыма спробамі штучнага апладненьня.
foto:flickr.pl

Польская дзяржава будзе фінансаваць in vitro зь бюджэту. Міністар аховы здароўя сумесна з экспэртамі прадставіў падрабязнасьці 3-гадовай праграмы фінансаваньня экстракарпаральнага апладненьня.

Міністар Барташ Арлуковіч нагадаў, што да гэтай пары за адну спробу штучнага апладненьня польскія пацыенты павінны былі заплаціць больш за 10 тысячаў злотых. Цяпер, дзякуючы ўрадавай праграме, бясплатным экстракарпаральным апладненьнем змогуць скарыстацца нават 15 тысячаў параў, якія ня могуць мець дзяцей.

Барташ Арлуковіч: Мэтай урадавай праграмы зьяўляецца стварэньне роўнага доступу да штучнага апладненьня для ўсіх, хто патрабуе лячэньня бясплоднасьці. Гаворка ідзе таксама пра тое, каб вызначыць прынцыпы лячэньня бясплоднасьці ў краіне.

- заявіў міністар Арлуковіч.

Паводле агульных ацэнкаў, праблема бясплоднасьці закранае каля 1 мільёна 200 тысячаў маладых палякаў.

Урадавая праграма фінансаваньня экстракарпаральнага апладненьня стартуе ў ліпені 2013 году й будзе працягвацца тры гады. Ейны кошт складзе каля 100 мільёнаў злотых у год. Пацыентам, якія змогуць скарыстацца гэткай дапамогай, не павінна быць больш за 40 гадоў. У рамках праграмы пары змогуць скарыстацца in vitro максымальна тры разы.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт