ABW канфіскавала дакумэнты „Amber Gold”
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
16.08.2012 12:07
Сёньня па справе „Amber Gold” сустрэўся Камітэт фінансавай стабільнасьці.
Photo: PAP/Rafał Guz
У Міністэрстве фінансаў прайшло паседжаньне Камітэту фінансавай стабільнасьці, падчас якога абмяркоўвалася пытаньне дзейнасьці фінансавых установаў банкаўскага тыпу ў Польшчы.
Паседжаньне камітэта прайшло па ініцыятыве прэм'ер-міністра Дональда Туска ў сувязі са скандалам зьвязаным зь інвэстыцыйнай фірмай „Amber Gold”.
Падчас прэс-канфэрэнцыі ў аўторак кіраўнік польскага ўраду гаварыў пра сур’ёзныя падазрэньні ў тым, што ўладальнікі „Amber Gold” ашукалі кліентаў, якія давяралі ім свае грошы. Дональд Туск прызнаў, што ўзьніклі сумневы наконт эфэктыўнасьці фінансавага нагляду ў краіне.
Тым часам функцыянэры Агенцтва ўнутранай бясьпекі (ABW) ўвайшлі ў сядзібу „Amber Gold”, каб перахапіць дакумэнты, зьвязаныя зь дзейнасьцю фірмы.
Інвэстыцыйная фірма „Amber Gold” дзейнічала з 2009 году. Яна прапанавала кліентам высокае апрацэнтаваньне ўкладаў. Грошы былі інвэставаныя галоўным чынам у золата ды іншыя каштоўныя мэталы. На бягучым тыдні кіраўніцтва фірмы аб’явіла ліквідацыю.
Раней кліенты мелі праблемы з атрыманьнем назад сваіх сродкаў. Пры нагодзе было выяўлена, што ўласьнік фірмы Марцін Пліхта ў мінулым быў некалькі разоў асуджаны за фінансавыя злачынствы.
аз