Logo Polskiego Radia
Print

Былы супрацоўнік КДБ на месца Куляшова

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 11.05.2012 16:29
Кіраўнік МУС пайшоў у адстаўку.

На сваёй пасадзе Анатоль Куляшоў пратрымаўся амаль тры гады. Яшчэ 8 траўня А. Лукашэнка абяцаў, што Міністэрства ўнутраных справаў чакаюць перамены.

Што стала прычынай адстаўкі – невядома. Анатоль Куляшоў апошнім часам часта хварэў і ляжаў у шпіталі. У гэты час яго абавязкі выконваў Ігар Шуневіч. Ён і стаў новым міністрам унутраных справаў.

У 2007-2012 гадах Шуневіч працаваў у КДБ. Яго апошняя пасада – начальнік упраўленьня па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю.

За апошнія паўгоду зьмяніліся амаль усе намесьнікі міністра, а цяпер ведамства ўзначаліў новы кіраўнік.

Чым будзе займацца былы міністр Куляшоў – пакуль невядома. Беларусам ён запомніцца жорсткім разгонам мітынга ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году, падчас якога было затрымана амаль 600 чалавек. Пазьней былы міністар прызнаўся, што менавіта ён кіраваў дзеяньнямі сваіх падначаленых. Пры Анатолю Нілавічу супрацоўнікі міліцыі сталі працаваць у цывільным. У спартыўных касьцюмах яны затрымлівалі людзей падчас маўклівых акцый мінулага году. Пры ім таксама МУС выступіла ініцыятарам скандальных паправак у закон “Аб масавых мерапрыемствах”, менавіта ён ускладніў арганізацыю пікетаў і забараніў флэшмобы.

КЛ/“Комсомольская правда”

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт