Кіроўца тралейбуса зьбіла дзяўчынку
PR dla Zagranicy
Karolina Rusinowicz
03.02.2012 13:07
-
Кіроўца тралейбуса зьбіла дзяўчынку.mp3
У Віцебску з-за галалёду тралейбус ня змог затармазіць.
З-за лютых маразоў беларускія дарогі пераўтварыліся ў коўзанкі. Аварыі здараюцца паўсюдна. А ў Віцебску з-за галалёду тралейбус ня змог затармазіць і зьбіў дзяўчынку.
13-гадовая школьніца кінулася перабягаць дарогу на чырвоны сыгнал сьветлафора. І трапіла пад тралейбус. Жанчына-кіроўца, па словах інспэктараў ДАІ, зрэагавала й паспрабавала затармазіць. Але не змагла. Дарогі з-за лютых маразоў пераўтварыліся ў коўзанкі. Дзяўчынку пасьля ўдару аб тралейбус адкінула на шашу. Але, дзякуй Богу, траўма аказалася ня самая сур’ёзная – усяго толькі пашкоджаньне стапы.
Непрызвычаеныя да лютых маразоў беларускія кіроўцы блытаюцца. Выглядаюць дарогі сухімі, разьметку добра відаць. А значыцца, на думку нармальнага кіроўцы, і шчапленьне з дарогай мусіць быць нармальным. Але, насамрэч, дарогі пакрыты слоем празрыстага лёду.
Аварыі ў часы маразоў адбываюцца ледзь не праз кожныя 500 мэтраў.
З гэтай прычыны ДАІ рэкамэндуе кіроўцам рухацца ў гарадах з хуткасьцю ня большай за 40 кілямэтраў у гадзіну.
А на хуткаснай кальцавой аўтадарозе ў Менску расстаўляюць часовыя абмежавальныя знакі, якія патрабуюць не разганяцца больш як да 50 км/г.
Аляксандар Парошын