Што можна Д. Вусу?
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
05.10.2011 18:30
Экс-кандыдату ў прэзыдэнты забаранілі ўдзел у масавых мерапрыемствах.
Экс-кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса сёньня выклікалі ў камісію па крымінальных пакараньнях пры Ленінскім РУУС Менска, дзе палітыку паведамілі аб умовах кантролю за ім.
„Сказалі, што паводле крымінальнага заканадаўства яны абавязаныя паставіць мяне на прафіляктычны ўлік. Я падпісаў паперы, што буду падаваць інфармацыю, калі зьбяруся выехаць за межы Беларусі. Мяне таксама папярэдзілі аб недапушчальнасьці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах", – сказаў Дзьмітры Вус.
Яму таксама паведамілі, што ў любы час да яго з праверкай могуць прыйсьці супрацоўнікі міліцыі.
У сувязі з папярэджаньнем з нагоды ўдзелу ў масавых мерапрыемствах Вус паведаміў, што разважае, ці будзе ён прысутнічаць 8 кастрычніка на Народным сходзе.
Дзьмітры Вус, прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня 2010 году й асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, быў вызвалены ўвечары 1 кастрычніка на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні.
БелаПАН/аз