Logo Polskiego Radia
Print

Замест мовы - здароўе й дабрабыт

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 30.09.2011 16:30
  • аўтавакзал.mp3
Нашая слухачка абурылася адсутнасьцю беларускай мовы на менскім аўтавакзале.

/

У адказ на патрабаваньне пісаць па-беларуску Міністэрства культуры пажадала здароўя й дабрабыту.

Намесьнік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі выказаў спадзяваньне, што беларуская мова вернецца на “Цэнтральны” аўтавакзал у Менску, назваўшы цяперашнюю сытуацыю недарэчнасьцю. Пра гэта ён паведаміў у пісьмовым адказе на зварот нашай слухачкі Марыі Вештарт, якая падала адпаведную скаргу ў Міністэрства культуры.

Як мы паведамлялі раней, на пачатку верасьня быў адкрыты “Цэнтральны” аўтавакзал, які пасьля чатырохгадовай рэканструкцыі стаў цалкам расейскамоўным. Міністэрства культуры перанакіравала скаргу для разьбіральніцтва ў “Мінсктранс”. Як прыгадвае ў лісьце намесьнік міністра культуры, “Мінстранс” раней спрыяльна ставіўся да беларускай мовы: “Менавіта “Мінсктранс” першым вярнуў родную мову ў грамадзкі транспарт сталіцы”.

У інтэрвію Беларускай службе Польскага радыё Марыя Вештарт назвала адказ Міністэрства культуры насьмешкаю – ад свайго абавязку папулярызаваць беларускую мову Міністэрства ўхілілася, але ў лісьце пажадала слухачцы “здароўя й дабрабыту”, падзяквала “за неабыякавасьць да роднай мовы”.

Ці праявіць “Мінсктранс” павагу да беларускай мовы альбо абмяжуецца адпіскаю, мы даведаемся празь месяц. Менавіта такі тэрмін выдзяляе заканадаўства на падрыхтоўку адказу.

Арцём Багданаў, Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт