Logo Polskiego Radia
Print

75-ую гадавіну бітвы пад Монтэ-Касіна адзначылі ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Eduard Zholud 03.06.2019 16:42
Мерапрыемства ў Камаях накіравана на тое, каб грамадзтва ўзгадвала жаўнераў-беларусаў, якія ваявалі на ўсіх франтах Другой сусьветнай вайны.
Мерапрыемства, прысьвечанае гісторыі ўдзелу беларусаў у вызваленьні ІталііМерапрыемства, прысьвечанае гісторыі ўдзелу беларусаў у вызваленьні ІталііФота ўзятае з historiapobach.livejournal.com

2 чэрвеня 2019 года ў Касьцёле Іаана Хрысціцеля ў Камаях адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысьвечанае гісторыі ўдзелу беларусаў у вызваленьні Італіі ў складзе Другога польскага корпуса ў траўні 1944 года.

Адным з арганізатараў гэтага мерапрыемства быў беларускі мастак Алесь Цыркуноў, які падрыхтаваў выставу сваіх карцін, прысьвечаных Бітве пад Монтэ-Касіна.

Ва ўрачыстасьці прынялі ўдзел члены Групы вайскова-гістарычнай рэканструкцыі «Беларусы ў Войску Польскім» на чале з кандыдатам гістарычных навук Ігарам Мельнікавым. Дасьледчык падрыхтаваў і прадставіў гасьцям сустрэчы выставу «Беларусы ў Другім польскім корпусе» і таксама распавёў пра гісторыю ўдзелу беларусаў у барацьбе супраць нацызму ў складзе Другога польскага корпуса.
Варта адзначыць, што на момант пачатку Другой сусьветнай вайны ў складзе польскага войска знаходзілася каля 70 тысяч беларусаў.

Вялікую цікавасьць у прысутных выклікалі аўтэнтычныя ўзоры ўніформы даваеннага Войска Польскага, а таксама 5-й крэсавай дывізіі Другога польскага корпуса, якія прадставілі гасьцям мерапрыемства беларускія рэканструктары.
Нагадаем, што зараз у Беларусі адбываецца акцыя «Беларусь памятае».

Мерапрыемства ў Камаях накіравана на тое, каб беларускае грамадства ўзгадвала ўсіх жаўнераў-беларусаў, якія змагаліся супраць нацызма на усіх франтах Другой сусьветнай вайны.

Тэкст узяты з historiapobach.livejournal.com/эж

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт