"Белнафтахім" працягвае сваю практыку - паліва падаражэла на 1 капейку
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
02.06.2019 10:18
Дадзенае падаражаньне стала пятнаццатым з пачатку года.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixaby.com/CC0 Public Domain
Канцэрн «Белнафтахім» абвясьціў аб павышэньні 2 чэрвеня цэн на бэнзін і дызпаліва на АЗС на 1 капейку – «з улікам праведзенага маніторынгу асноўных фактараў, якія фарміруюць цэны». Дадзенае падаражаньне стала пятнаццатым з пачатку года - паведамляе БелаПАН.
Кошт бэнзіну АІ-92-К5-Эўра складзе 1,58 рубля, АІ-95-К5-Эўра – 1,69 рубля, АІ-98-К5-Эўра – 1,90 рубля, ДТ – 1,69 рубля.
Як адзначае «Белнафтахім», у маі 2019 года адзначалася высокая валятыльнасьць нафтавага рынку (значэньне каціровак 1 барэля нафты маркі Brent значна мянялася – ад 75 да 62 даляраў ЗША).
З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ аўтамабільнае паліва ў Беларусі практычна штотыдзень падымаецца ў цане другі год.
У 2018 годзе большасьць відаў паліва ў Беларусі даражэла 27 разоў (апошні раз 16 сьнежня), што ў «Белнафтахіме» тлумачылі неабходнасьцю «кампэнсацыі выдаткаў НПЗ па набыцьці сыравіны». Паводле інфармацыі канцэрна, сярэдняя каціроўка нафты маркі Brent у мінулым годзе склала 71,1 даляра ЗША за барэль.
У выніку ў 2018 годзе аўтамабільнае паліва падаражэла ў Беларусі на 20,24%. Пры гэтым агульны рост спажывецкіх коштаў у краіне склаў 5,64%.
нг