Logo Polskiego Radia
Print

А. Лукашэнка сустрэўся зь кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных краін

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.05.2019 15:46
Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі думаюць пра новы этап у сувязі са зьменамі, якія «дыктуе само жыцьцё».
www.radyjo.net

Найбліжэйшым часам у Беларусі будзе або новая Канстытуцыя, або будуць уносіцца зьмены ў дзейную, заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 мая на сустрэчы з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных дзяржаў, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу прэзыдэнта.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі думаюць пра новы этап у сувязі са зьменамі, якія «дыктуе само жыцьцё». Ён адзначыў, што для Беларусі ўяўляе цікавасьць вопыт замежных краін у сфэры канстытуцыйнага права. «Мы высока цэнім вашу гатоўнасьць дзяліцца сваім вопытам у сфэры канстытуцыйнага правасудзьдзя. Ён для нас, безумоўна, цікавы», – сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў удзел у сустрэчы прадстаўнікоў Эўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Вэнэцыянская камісія Рады Эўропы), з якой Беларусь выбудоўвае «дастаткова канструктыўнае ўзаемадзеяньне». Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь разьлічвае на працяг міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай галіне.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь часта крытыкуюць за недастатковую разьвітасьць дэмакратыі і незахаваньне правоў чалавека. «Павінен заявіць вам як былы парлямэнтарый, які мае дачыненьне да распрацоўкі Канстытуцыі яшчэ да маёй прэзыдэнцкай працы: мы старанна вывучылі канстытуцыі ўсіх краін. І я ў гэтым асабіста браў удзел, – сказаў Лукашэнка. – Супэрнавацый у нашай Канстытуцыі няма: мы ўзялі нешта прымальнае для нас з нашага мінулага, але зусім няшмат, усё астатняе мы запазычылі. Мы вучыліся не толькі ў сваіх суседзяў, але перш за ўсё ў іх, таму што яны блізкія нам па разьвіцьці, з многімі мы былі ў адной дзяржаве. Але многае і многае мы запазычылі ў апірышчаў дэмакратыі, перш за ўсё Францыі і Злучаных Штатаў Амэрыкі».

Кіраўнік дзяржавы таксама зьвярнуў увагу, што, разьвіваючы ў 1990-х гадах Канстытуцыю і іншыя прававыя акты, у Беларусі зыходзілі з існуючых рэалій. Ён таксама апісаў сваё бачаньне структуры ўлады: «Трэба надзяляць уладнымі паўнамоцтвамі іншыя структуры і галіны ўлады. Каб за эканоміку адказваў урад разам з парлямэнтам».

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт