Logo Polskiego Radia
Print

Помнік Леніну ня вернецца на цэнтральную плошчу Смаргоняў

PR dla Zagranicy
Eduard Zholud 23.05.2019 12:30
Выглядае, што кіраўніцтва Смаргонскага райвыканкаму прыслухалася да голасу народу і прыйшло да высновы, што вяртаць Леніна немэтазгодна.
photo: pixabay.com/CC0

Улады Смаргоняў на Горадзеншчыне вырашылі не вяртаць помнік Леніну на цэнтральную плошчу. Куды падзець бэтонную спаруду пасьля рамонту, падчас грамадзкага абмеркаваньня вырашаць самі гараджане.

Гараджане вызначаць альтэрнатыўную пляцоўкуУ сярэдзіне красавіка з аднайменнай плошчы райцэнтру камунальнікі зьнесьлі помнік «правадыру сусьветнага пралетарыяту», які ад пачатку 1970-х стаяў перад будынкам райвыканкаму. Пазьней дэмантавалі і грувасткі п’едэстал, паставіўшы на вызваленым месцы вазы-клюмбы.

Адпачатку паведамлялася, што Ленін пасьля рэстаўрацыі мае вярнуцца на сваё месца да 17 лістапада, калі ў горадзе будуць сьвяткаваць абласныя «Дажынкі». Па гарачых сьлядах на форуме дзяржаўнай раёнкі «Сьветлы шлях» распачалося актыўнае абмеркаваньне таго, ці трэба вяртаць скульптуру чалавека, які ня меў ніякага дачыненьня да гісторыі гораду. Бальшыня катэгарычна выказалася за знос, гучалі прапановы, што хапае выдатных асобаў, вартых ушанаваньня — напрыклад, Станіслаў Радзівіл, заснавальнік славутай «мядзьведжай акадэміі».

Выглядае, што кіраўніцтва Смаргонскага райвыканкаму прыслухалася да голасу народу і прыйшло да высновы, што вяртаць Леніна немэтазгодна. Гэта Радыё Свабодзе пацьвердзілі ў аддзеле ідэалягічнай працы. Там удакладнілі, што скульптуры зробяць «касмэтычны рамонт» і знойдуць альтэрнатыўнае месца, якое прапануюць самі смаргонцы.

svaboda.org/эж

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт