Фэдэрацыя прафсаюзаў, а таксама міністэрствы эканомікі, працы й сацыяльнай абароны выступаюць за ўвядзеньне ў Беларусі абавязковага страхаваньня адказнасьці работадаўцаў за нявыплату заработнай платы пры банкруцтве арганізацыі.
Паводле зьвестак БелаПАН, прафсаюзы па гэтай тэме накіроўвалі ў маі ліст на імя кіраўніка дзяржавы. Там было ўказана, што ў апошнія гады амаль 40% арганізацый, у дачыненьні да якіх былі распачатыя справы аб банкруцтве, мелі запазычанасьць па аплаце працы і ўзносах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Міністэрства эканомікі сумесна з Міністэрствам фінансаў ужо распрацавалі адпаведны праект.
Мяркуецца, што страхавы тарыф складзе 0,1% ад фонду аплаты працы.
Гэтыя ўнёскі камэрцыйныя арганізацыі Беларусі павінны будуць выплачваць страхавой кампаніі. За кошт адлічэньняў работадаўцаў плянуецца сфарміраваць спэцыяльны страхавы кампэнсацыйны фонд.
У тых выпадках, калі работадаўца будзе прызнаны банкрутам, яго працаўнікі змогуць разьлічваць на гарантаваныя страхавыя выплаты з гэтага фонду.
Міністэрства эканомікі лічыць, што краіне новы від абавязковага страхаваньня патрэбны.
У Мінэканомікі лічаць, што "цяжар рызык прадпрымальніцкай дзейнасьці пераразмяркоўваецца на работніка". У сувязі з гэтым міністэрства просіць падтрымаць грамадзкія аб'яднаньні, прадстаўнікоў бізнэс-аб'яднаньняў праект аб увядзеньні абавязковага страхаваньня за нявыплату заработнай платы пры банкруцтве арганізацыі.
"Мяркуем, што станоўчыя сацыяльныя наступствы ад увядзеньня прапанаванага віду абавязковага страхаваньня значна перакрываюць адмоўны эфэкт ад малаважнага павелічэньня фіскальнай нагрузкі на суб'екты прадпрымальніцкай дзейнасьці ў форме адлічэньняў на такое страхаваньне", — адзначаюць у Міністэрстве эканомікі.
У сваю чаргу прадстаўнікі бізнэс-аб'яднаньняў лічаць, што на работадаўцаў ужо цяпер ускладзена вялікая нагрузка па выплаце падатковых і непадатковых плацяжоў. Нагадаем, кожны месяц 34% ад фонду аплаты працы беларускія работадаўцы пералічваюць у ФСАН, а з зарплаты работнікаў утрымліваюць 1% для пералічэньня страхавых узносаў.
"Мы прапанову аб увядзенні новага віду абавязковага страхаваньня можам падтрымаць толькі ў тым выпадку, калі страхавы ўзнос у памеры 0,1% будзе выплачвацца не работадаўцамі ад фонду аплаты працы, а работнікамі са свайго заробку", — падкрэсліла ў камэнтары БелаПАН віцэ-старшыня Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Лілія Коваль.
На яе думку, страхавы фонд на выпадак узьнікненьня крызысных сытуацый на прадпрыемствах можа спатрэбіцца. "Але чаму за ўсё павінен адказваць работадаўца? Ён павінен стварыць і працоўныя месцы, і выплачваць гіперпадаткі, і яшчэ адказваць за лёс усіх работнікаў?!" — задаецца пытаньнем Коваль.
Заснавальнікі прыватных кампаній, адзначыла яна, часта не атрымліваюць ні капейкі ад дзяржавы, рызыкуюць сваімі сродкамі і бяруць на сябе вялікую адказнасць за бізнэс, таму накладваць дадатковую нагрузку на іх не варта.
"Кожны работнік павінен разумець, што выратаваньне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў і трэба нешта рабіць самім, каб застрахаваць сябе на выпадак крызысных сытуацый", — рэзюмавала Коваль.
belapan.by/яс