Летам на Менскім моры будзе адкрыты пляж для людзей з інваліднасьцю
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
20.05.2019 16:48
Там пракладуць драўляныя дарожкі, паставяць кабінкі для пераадзяваньня з пандусамі.
Здымак носіць ілюстрацыйны характарphoto: www.pixabay.com/CC0 Creative Commons
Улетку на Менскім моры зьявіцца першы інклюзіўны пляж. У рамках праекту «ПляжИК» 9-ы пляж Заслаўскага вадасховішча стане даступным для людзей з інваліднасьцю.
Да ліпеня 2019 году там пракладуць драўляныя дарожкі, паставяць кабінкі для пераадзяваньня з пандусамі; зьявяцца пірс і адкрытая пляцоўка для заняткаў кросфітам. Месца выбралі невыпадкова: на пляжы спадзістая мясцовасьць, зручны ўваход у ваду, а непадалёк – паркоўка.
«Ідэя стварэньня такога месца нарадзілася даўно. Знаходзячыся ў службовых выправах у Расеі, Украіне, я назіраў, наколькі папулярныя інклюзіўныя пляжы там. Зразумеў, што было б ня лішнім арганізаваць падобнае месца і ў нас, бо ні на адным вадаёме Менскага раёну няма інклюзіўнага пляжу», – расказаў аўтар праекту, інструктар актыўнай рэабілітацыі грамадзкага аб’яднаньня «РАІК» Дзяніс Васілевіч.
Паводле яго, пляж будзе карысным для людзей з інваліднасьцю, якія «з прычыны сваіх асаблівасьцяў і адсутнасьці спрыяльных умоваў адмаўляюцца выйсьці з зоны камфорту і цікава правесьці час», а таксама для маці з маленькімі дзецьмі, пажылых людзей, тых, хто нядаўна перажыў інсульт, часова траўмаваных.
Праект «ПляжИК» – фінал конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. Першы ў Беларусі інклюзіўны пляж пачаў працаваць у Лідзе 11 чэрвеня 2017 году.
паводле www.svaboda.org/нг