Беларускі віцэ-прэм'ер адпраўляецца ў Маскву размаўляць пра нафту
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
15.05.2019 15:14
Адной з тэмаў перамоў Ігара Ляшэнкі будзе ўзнаўленьне працы трубаправоду «Дружба».
pixabay.com
Беларускі віцэ-прэм’ер адпраўляецца ў Расею на перамовы па нафце. Ігар Ляшэнка плянуе ў Маскве сустрэцца са сваім візаві Дмітрыем Козакам. Абодва намесьнікі прэм’ераў адказваюць за паліўны сэктар эканомікі.
Па інфармацыі СМІ, адной з тэмаў перамоў будзе ўзнаўленьне працы трубаправоду «Дружба». 19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» паведаміў, што з Расеі па гэтай трубе пачала паступаць забруджаная нафта. У выніку беларускія НПЗ у Мазыры і Наваполацку былі прымушаныя напалову скараціць вытворчасьць. Беларусь паносіць таксама страты ў выніку прыпыненьня транзыту сыравіны ў Заходнюю Эўропу.
Ігар Ляшэнка перад паездкай у Маскву наведаў Азэрбайджан, краіну, багатую радовішчамі нафты. Афіцыйна візыт быў зьвязаны з пачаткам вытворчасьці ў гэтай краіне беларускіх камбайнаў і аўтобусаў. Магчыма, аднак, што гаворка ішла таксама пра пастаўкі нафты.
У мінулыя гады, калі паміж Менскам і Масквой нарасталі канфлікты, Беларусь купляла нафту ў Азэрбайджане і Вэнэсуэле. Сыравіна пастаўлялася пры пасярэдніцтве Ўкраіны.
ПР У. Пац/нг