Logo Polskiego Radia
Print

МВФ настойвае на павышэньні тарыфаў ЖКГ у Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 15.05.2019 11:38
На думку кіраўніка місіі МВФ, гэтая праблема пагоршыцца, калі кошт імпартаваных энэргарэсурсаў для Беларусі ўзрасьце.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Міжнародны валютны фонд лічыць, што ў Беларусі трэба правесьці глыбокую рэформу дзяржсэктара, а тарыфы на ацяпленьне павышаць, заявіў у інтэрвію БелаПАН кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Жак Міньян.

Міністар эканомікі Беларусі Дзьмітрый Крутой 12 траўня ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў, што МВФ ужо не выстаўляе патрабаваньняў па масавай прыватызацыі і хуткім павышэньні тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. «На працягу гэтага года нам трэба прынцыпова абмеркаваць [з МВФ] напрамкі, па якіх мы гатовыя зблізіць свае пазыцыі. (Ёсьць) нэгатыўны вопыт па Украіне, дзе рэзкае павышэньне тарыфаў спарадзіла моцны крызіс неплацяжоў, або патрабаваньні па масавай прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў. Яны сёньня ў дачыненьні да Беларусі не абмяркоўваюцца і не будуць прымяняцца», – сказаў ён.

Камэнтуючы заявы міністра эканомікі, Міньян падкрэсьліў, што «МВФ ніколі не патрабаваў масавай прыватызацыі ў Беларусі». «Гэта зьяўляецца няправільным выкладаньнем нашых поглядаў. Аднак мы лічым, што краіна мае патрэбу ў глыбокай рэформе сэктара дзяржаўных прадпрыемстваў. Ці магчымае гэта ў межах захаваньня дзяржаўнай уласнасьці, пры ўдзеле стратэгічнага інвэстара або спатрэбіцца прыватызацыя, павінна вызначацца індывідуальна», – адзначыў ён.

Пры гэтым Міньян падкрэсьліў, што, на думку МВФ, сэктар дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі «мае патрэбу ў больш глыбокіх рэформах, чым бачылі да гэтага часу».

«Што да тарыфаў на ацяпленьне дамашніх гаспадарак, мы лічым, што гэтыя тарыфы занадта нізкія (значна ніжэйшыя за ўзровень кампэнсацыі затрат). Гэтая сытуацыя прыводзіць да дадатковых выдаткаў прадпрыемстваў, якія вымушаныя субсідаваць нізкія тарыфы», – падкрэсьліў Міньян.

На думку кіраўніка місіі МВФ, гэтая праблема, хутчэй за ўсё, пагоршыцца, калі кошт імпартаваных энэргарэсурсаў для Беларусі ўзрасьце.

«На наш погляд, было б лепш падняць тарыфы і выплачваць кампэнсацыю больш бедным дамашнім гаспадаркам, якія больш за ўсё пацерпяць ад павелічэньня тарыфаў, з дапамогай адрасных трансфэртаў», – сказаў Міньян.

БелаПАН/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт