У Беларусі зьявілася анлайн-плятформа для абмену ведамі
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
14.05.2019 15:23
Арганізатары праекту заклікаюць беларусаў дзяліцца сваімі ўменьнямі і здабываць новыя.
Foto: mentor.by
У Беларусі запусьцілі сайт Mentor.by, дзе можна адшукаць майстар-клясы і курсы на абсалютна любыя тэмы, а таксама самому запрапанаваць сябе як рэпэтытара ці трэнэра.
«Стварыць такі праект натхніў асабісты недахоп у мэнтары, у нейкіх рэальных і кампэтэнтных парадах, які перасьледаваў мяне ўсё жыцьцё», – кажа заснавальнік плятформы Кірыл Анохін.
Mentor.by задумваўся як зручнае месца для абмену ведамі. На сайце можна ствараць аб’явы трох тыпаў:
– «Хачу навучыцца». Патрэба можа быць якая заўгодна – ад «рана прачынацца» да «паглыбіць веды ў атамнай фізыцы».
– «Магу навучыць». Расказваеце, які курс, кансультацыю ці трэніроўку гатовы правесьці і на якіх умовах.
– «Падзея». Паведамляеце пра адукацыйную імпрэзу, якая хутка адбудзецца: бізнэс-форум, лекцыя, дыскусія.
У каталёгу абвесткі разьбіты па катэгорыях: дзеці і сям’я, дызайн, прыгажосьць і здароўе, мастацтва, бізнэс і фінансы ды іншыя.
Пакуль большасьць прапанаваных курсаў тычацца моў, ІТ і школьных прадметаў. Але пляцоўка працуе толькі месяц.
Паводле Наша ніва/юл