Logo Polskiego Radia
Print

А. Лукашэнка не паедзе ў Брусэль на гадавіну Ўсходняга партнэрства

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 04.05.2019 11:00
Кіраўнік дзяржавы даручыў міністру замежных спраў удзельнічаць ад Беларусі ў мерапрыемствах.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Аляксандар Лукашэнка не плянуе ўдзельнічаць у мерапрыемствах, заплянаваных 13–14 мая ў Бруселі ў сувязі з дзесяцігодзьдзем Усходняга партнэрства, паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

«Перш за ўсё хацеў бы пацьвердзіць, што беларускі бок атрымаў запрашэньні на адрас прэзыдэнта Беларусі на мерапрыемствы ў Бруселі ў сувязі з дзесяцігодзьдзем Усходняга партнэрства. Што да ўзроўню беларускай дэлегацыі, магу сказаць, што ўдзел прэзыдэнта ў іх не плянуецца. Кіраўніком дзяржавы даручана міністру замежных спраў удзельнічаць ад Беларусі ў гэтых мерапрыемствах», – гаворыцца ў камэнтары прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза.

«Як мы ўжо неаднаразова падкрэсьлівалі, Беларусь не проста зацікаўленая ў паўнапраўным удзеле ва Усходнім партнэрстве, але і самым актыўным чынам уцягнутая ў рэалізацыю гэтай ініцыятывы. Мы разглядаем яе як неканфрантацыйную і прагматычную прыладу для разьвіцьця дыялёгу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам», – адзначыў прадстаўнік МЗС.

Як заўважыў прэс-сакратар зьнешнепалітычнага ведамства, па лініі Усходняга партнэрства ёсьць «пэўныя напрацоўкі і дасягненьні, але яго патэнцыял, асабліва што да разьвіцьця двухбаковых беларуска-эўрапейскіх адносін, яшчэ далёкі ад рэалізацыі».

«Спадзяемся, што ўжо ў найбліжэйшай будучыні, па меры ажыцьцяўленьня асноўных мэтаў і задач УП як на шматбаковым, так і двухбаковым трэках, будуць сфармаваныя ўмовы, якія дазволяць правесьці паўнавартасны візыт кіраўніка дзяржавы ў Брусэль», – падкрэсьліў прадстаўнік МЗС.

13–14 мая ў Бруселі пройдуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 10-годдзя ініцыятывы «Усходняе партнэрства».

13 мая адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу і Ўсходняга партнэрства (Армэнія, Азэрбайджан, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна). Старшыняваць будзе вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Федэрыка Магерыні. Міністры падвядуць вынікі выкананьня абавязацельстваў, узятых на папярэднім саміце Усходняга партнэрства ў лістападзе 2017 года, абмяркуюць ход рэалізацыі 20 ключавых прыярытэтаў УП да 2020 года, а таксама далейшае супрацоўніцтва і палітычныя прыярытэты.

У гэты ж дзень старшыня Эўрапейскай Рады Дональд Туск прыме лідараў краін Усходняга партнэрства на сьвяточнай вячэры.

14 мая адбудзецца канфэрэнцыя высокага ўзроўню, прысьвечаная 10-годдзю Усходняга партнэрства.

паводле БелаПАН/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт