Беларусь акажа гуманітарную дапамогу Мазамбіку і Зімбабве
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
16.04.2019 11:42
Міністэрства па надзвычайных сытуацыях паведаміла, што рыхтуецца да адпраўкі самалёт з гуманітарным грузам.
Foto: pixabay.com/CC0
На ўсходняе ўзьбярэжжа Афрыканскага кантынэнта 15 сакавіка абрушыўся цыклён «Ідай», які прынёс з сабой ліўневыя дажджы і шквалісты вецер з парывамі да 177 км/гадз. У выніку ўдару стыхіі ў шэрагу рэгіёнаў Мазамбіка і Зімбабве разбурана значная частка гарадзкой і рэгіянальнай інфраструктуры.
Урады пацярпелых краін зьвярнуліся да сусьветнай супольнасьці і абʼявілі аб пачатку міжнароднай кампаніі па зборы гуманітарнай дапамогі. У Зімбабве абвешчана становішча нацыянальнай катастрофы.
У адрас Беларусі таксама паступілі афіцыйныя ноты з просьбай аб аказаньні гуманітарнай дапамогі. Афіцыйны Менск прыняў рашэньне дапамагчы. На загад ураду краіны сабраны гуманітарны груз, які складаецца з цукру, мукі, ялавічнай тушонкі, мясных кансэрваў для дзяцей, мыла, коўдры, пральнага парашку, адзеньня і абутку для дарослых і дзяцей, школьных прыладаў на суму большую за 656 тысяч беларускіх рублёў.
Дастаўка грузу будзе выканана авіяцыйным транспартам. Суправаджаць груз да месца дастаўкі і разгрузкі будуць работнікі МНС.
Паводле Белта/юл