Былы чыноўнік мінабароны пасаджаны на 9 гадоў за карупцыю
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
03.04.2019 13:45
Аляксей Яськоў атрымаў ад фірмы «Геол-М» ня менш за 18 тысяч даляраў за спрыяньне прасоўваньню прадукцыі гэтай фірмы.
www.pixabay.com/RJA1988/CC0 Creative Commons
Суд Фрунзенскага раёна Менску прыгаварыў былога начальніка ваенна-мэдыцынскага ўпраўленьня Мінабароны 44-гадовага палкоўніка Аляксея Яськова да дзевяці гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасьці і пазбаўленьнем воінскага званьня.
Яму таксама прызначаны штраф у 500 базавых велічынь (12 тыс. 750 рублёў).
Прысуд зачытала судзьдзя Юлія Блізнюк.
Справа Яськова слухалася ў судзе Фрунзенскага раёна з 6 сакавіка. Яськова прызналі вінаватым на падставе ч. 3 арт. 430 (атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры) і ч. 1 арт. 455 (злоўжываньне ўладай, перавышэньне ўлады) КК. Пракурор Юрый Шарсьнёў запытваў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на дзевяць гадоў.
Паводле абвінавачаньня, Яськоў у некалькі этапаў атрымаў ад намесьніка дырэктара фірмы «Геол-М» Аляксандра Семенюка не менш як 18 тысяч даляраў за спрыяньне прасоўваньню прадукцыі гэтай фірмы.
«Геол-М» ужо некалькі разоў фігуравала ў працэсах па справах аб карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя. Заснавальнік і дырэктар фірмы «Геол-М» Уладзімір Ладуцька як хабарадавальнік даваў паказаньні ў працэсах супраць былога начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Андрэя Стрыжака, былога галоўнага ўрача 12-й стаматалягічнай паліклінікі Менску Уладзіміра Краўчонка, былога кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра мэдыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэньня Сяргея Карыцькі.
Былы начальнік ваенна-мэдыцынскага ўпраўленьня Мінабароны віну не прызнаў. Яськоў займаў гэтую пасаду з красавіка 2015 года да затрыманьня. Адказваў за забесьпячэньне мэдыцынскім абсталяваньнем падведамасных міністэрству ўстаноў аховы здароўя, разглядаў камэрцыйныя прапановы, рыхтаваў прапановы аб разьмеркаваньні фінансавых сродкаў.
паводле БелаПАН/нг