У Беларусі пагоршылася сытуацыя з правамі чалавека
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
01.04.2019 11:52
Праваабаронцы апублікавалі справаздачу па стане за сакавік 2019 года.
Foto: pixabay.com/CC0
У дакумэнце зазначаецца, што ў цэлым у сакавіку ў Беларусі намеціліся трывожныя тэндэнцыі пагаршэньня агульнай сытуацыі з правамі чалавека ў краіне, што можа сьведчыць аб узмацненьні ўзроўню рэпрэсіяў перад будучымі выбарамі.
Гэтую выснову праваабаронцу грунтуюць на наступных фактах. У Беларусі зноў зьявіліся палітвязьні. Цягам месяца пазбаўлены палітвязень Міхаіл Жамчужны. Прызнаны Amnesty International вязьнем сумленьня актывіст Дзьмітрый Паліенка ізноў быў затрыманы і больш за дзесяць дзён без прад'яўленьня абвінавачваньня ўтрымліваецца ў зьняволеньні.
Пры канцы сакавіка ў Беларусі прайшлі масавыя мерапрыемствы, арганізаваныя апазыцыйнымі сіламі краіны і санкцыянаваныя ўладай. Аднак міліцыя зладзіла беспадстаўныя затрыманьні некаторых удзельнікаў. Гэта парушэньне права грамадзян на свабоды мірных сходаў.
Цягам месяца працягваўся перасьлед журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Галоўную рэдактарку незалежнага інфармацыйнага партала TUT.by прыгаварылі да штрафу. Пачалі крымінальную справу ў дачыненьні да блёгера Аляксандра Кабанава.
Апроч таго зафіксаваныя выпадкі прыцягненьня грамадзян да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюд так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў», у тым ліку ў інтэрнэце. У большасьці выпадкаў гэта зьяўлялася неправамерным і непрапарцыйным абмежаваньнем свабоды выказваньня меркаваньняў.
Паводле ПЦ «Вясна»/юл