Logo Polskiego Radia
Print

ДАІ: У новых мікрараёнах хуткасьць руху не павінна перавышаць 50 км/г

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.04.2019 12:04
Стратэгічная мэта: зьнізіць сьмяротнасьць у аварыях, зьвесьці да нуля гібель дзяцей.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Канцэпцыю забесьпячэньня бясьпекі дарожнага руху „Добрая дарога” Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў зацьвярджаў двойчы: у 2011 і 2016 гадах. Распрацоўшчыкі праграмы тады пазначылі стратэгічную мэту: зьнізіць сьмяротнасьць у аварыях, зьвесьці да нуля гібель дзяцей. Неўзабаве стала ясна: „Добрая дарога” працуе, прыйшоў час распаўсюдзіць перадавы вопыт у іншых рэгіёнах краіны.

У 1990-2006-х у сталіцы штогод гінулі ў аўтааварыях каля 110 чалавек, гэты ўзровень практычна не мяняўся. Але за наступныя 12 гадоў лічба зьнізілася ў 4,5 раза: з 128 у 2006-м да 28 у 2018 годзе.

Тэмпы зьніжэньня аварыйнасьці сёньня ў Беларусі вышэй за сярэднеэўрапейскія. У цэлым паказчыкі бясьпекі руху ў Менску супастаўныя з паказчыкамі самых бясьпечных мэгаполісаў — Бэрліна, Вены, Прагі, Стакгольма.

Колькасьць загінулых на 1 мільён чалавек у краіне складае 61. Для параўнаньня ў Расеі – 130, Украіне -76, Польшчы -75, а Летуве -67.

Тэмпы зьніжэньня аварыйнасьці ў цэлым па Беларусі ніжэй за сталічныя. Калі ў 2006-м на дарогах загінулі 1650 чалавек, то ў 2018-м — 580: зьніжэньне ўтрая.

Паводле ацэнкі спэцыялістаў, рэалізацыя канцэпцыі да 2025 году дасьць магчымасьць значна зьнізіць сьмяротнасьць на дарогах. Як гэта адбудзецца?

На аварыйна-небясьпечных участках вулічна-дарожнай сеткі працягнуць усталёўваць астраўкі бясьпекі, „сьпячых паліцэйскіх”, завужаць праезную частку. Палепшыцца й вулічнае асьвятленьне. Пешаходы стануць больш прыкметнымі для кіроўцаў ня толькі на праезнай часткі, але й ля зебры. У дварах працягнуць наводзіць парадак з паркоўкамі, каб зьберагчы мінакоў, асабліва дзяцей, ад няшчасных выпадкаў.

Краіна ў далейшым плянуе актыўна пераймаць эўрапейскі вопыт, які забясьпечвае зручнасьць для пешаходаў, у тым ліку пажылых, людзей з інваліднасьцю й іншых. Прыярытэт чалавеку, а не аўтамабілю.

На думку распрацоўшчыкаў праграмы „Добрая дарога”, прыярытэт трэба аддаваць грамадзкаму транспарту, а яшчэ прымаць меры па зьмяншэньні загрузкі дарог у гадзіны пік, зьніжаць узровень аўтамабілізацыі й канцэнтрацыі транспарту ў цэнтральнай частцы горада. Укараненьне ў жыцьцё элемэнтаў інтэлектуальнай транспартнай сыстэмы дасьць магчымасьць у аўтаматычным рэжыме кіраваць дарожным рухам, кантраляваць інцыдэнты, пераразьмяркоўваць патокі ў выпадку ДТЗ.

minsknews.by/nn.by/аз


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт