Logo Polskiego Radia
Print

Зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі складае 16,7 млрд даляраў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 29.03.2019 17:03
На пагашэньне зьнешняга дзярждоўгу пайшло 410 млн даляраў.
pixabay.com/Public Domain CC0

У лютым зьнешні дзярждоўг Беларусі складаў 16,7 млрд даляраў. З пачатку года ён зьменшыўся на 1,3% з улікам курсавых розьніц, пра што сёньня паведамілі ў Міністэрстве фінансаў.

Паводле стану на 1 сакавіка дзяржаўны доўг Беларусі склаў 44,3 млрд рублёў, што на 1,1 млрд (2,3%) больш, чым было 1 студзеня. Зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі склаў 16,7 млрд даляраў, што на 0,2 млрд даляраў менш (з улікам курсавых розьніц), чым было на пачатку году. Унутраны дзярждоўг за два месяцы зьменшыўся на 0,2 млрд рублёў (2,7%) да 8,6 млрд рублёў.

Таксама ў Мінфіне паведамілі, што з пачатку году Беларусь прыцягнула зьнешнія пазыкі на 139,8 млн даляраў. Большая частка гэтых грошай паступіла ад Расеі (118,3 млн даляраў).

На пагашэньне зьнешняга дзярждоўгу пайшло 410 млн даляраў. Больш за 200 млн даляраў Беларусь пералічыла Экспартна-імпартнаму банку Кітая, 194 млн даляраў – расейскаму ўраду, 7,3 млн даляраў – Міжнароднага банку рэканструкцыі й разьвіцьця.

тэлеграф/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт