БНФ зьвярнуўся да ўраду Летувы
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
29.03.2019 11:10
Старшыня Партыі БНФ накіраваў зварот на адрас міністра замежных справаў Летувіскай Рэспублікі.
Кастусь Каліноўскі,1863 годPublic Domain
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зьвярнуўся да Лінаса Лінкявічуса і міністра культуры Міндаўгаса Квяткаўскаса з просьбай аб разьмяшчэньні на магілах паўстанцаў 1863-1864 гадоў надпісаў па-беларуску.
Рыгор Кастусёў заявіў, што з радасьцю вітае ідэнтыфікацыю ў Вільні парэштак пахаваньня кіраўніка вызвольнага паўстаньня супраць расейскага прыгнёту Кастуся Каліноўскага, а таксама іншых лідэраў паўстаньня. Таксама БНФ з належнай пашанай ды гонарам ставіцца да перапахаваных парэштак Кастуся Каліноўскага ды ягоных паплечнікаў і ўсталяваньня адпаведных мэмарыяльных шыльдаў.
Разам з гэтым партыя БНФ выказала заклапочанасьць тым, што на памятных шыльдах будуць адсутнічаць надпісы на беларускай мове, а толькі на летувіскай і польскай.
Рыгор Кастусёў зазначыў, што Кастусь Каліноўскі зьяўляецца нацыянальным героем і для беларусаў. Многія беларусы шмат гадоў ушаноўваюць памяць Кастуся Каліноўскага ў тых мясьцінах, што зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Партыя БНФ зьяўляецца аднымі з арганізатараў штогадовага фэсту памяці паўстанцаў Каліноўскага, што адбываецца на радзіме Кастуся Каліноўскага каля Сьвіслачы.
Кіраўнік партыі БНФ зьвярнуўся да летувіскіх палітыкаў з вялікай просьбай і настойлівым заклікам зрабіць неабходныя захады, каб беларуская мова прысутнічала на новых мэмарыяльных шыльдах у месцы пахаваньня Кастуся Каліноўскага ды ягоных паплечнікаў у Вільні.
Паводле прэсавай службы Партыі БНФ/юл