Logo Polskiego Radia
Print

Беларусам прапануюць адпачыць у акупаваным Крыме

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 27.03.2019 16:21
Супрацоўнікам Магілёўскага мясакамбіната прапануюць набыць пуцёўку ў санаторый «Беларусія» ў Ялце.
Санаторый "Беларусь"Санаторый "Беларусь"здымак сайта http://belorussia-crimea.ru/ru/fotogalereja.html

Супрацоўнікам Магілёўскага мясакамбіната прапануюць набыць пуцёўку ў санаторый «Беларусія» ў Ялце. Паехаць на адпачынак у акупаваны Крым можна ўжо ў красавіку, паведаміла Еўрарадыё.

Беларусь афіцыйна не прызнае Крым часткай Расеі. Украінскія ўлады неаднаразова папярэджвалі, што за супрацоўніцтва з акупаванай тэрыторыяй будуць уводзіцца санкцыі, а за наведваньне Крыма пагражае забарона на ўезд ва Ўкраіну.

На Магілёўскім мясакамбінаце кажуць, што такія паездкі – асабістая справа чалавека.

«Вісіць аб’ява, што можна паехаць у красавіку, – распавёў Еўрарадыё намесьнік дырэктара па ідэалягічнай, кадравай працы і быце Магілёўскага мясакамбіната Юрый Масюк. – Хто хоча, той і едзе. Калі не, дык не. Да нас гэтыя пуцёўкі з абласнога ўпраўленьня аздараўленьня прыходзяць».

Санаторый «Беларусія» – гэта дзяржаўная мэдыцынская ўстанова, якая належыць упраўленьню справамі кіраўніка Беларусі. Пуцёўкі туды распаўсюджваюцца праз дзяржаўнага турыстычнага апэратара. У санаторыі кажуць, што за апошнія пяць гадоў колькасьць беларускіх турыстаў павялічылася.

Каб не трапіць у сьпіс неўязных ва Ўкраіну, у «Беларусіі» турыстам параілі не публікаваць фатаграфіі з адпачынку ў сацыяльных сетках.

У Магілёскім абласным упраўленьні рэспубліканскага цэнтра аздараўленьня і санітарна-курортнага лячэньня насельніцтва паведамілі, што людзей папярэджваюць пра магчымыя наступствы адпачынку ў Крыме.

Euroradio.fm/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт