Лічбавая эканоміка стала часткай нацыянальнай стратэгіі Беларусі
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
17.03.2019 11:03
У краіне створаныя спрыяльныя ўмовы для дынамічнага разьвіцьця IT-сфэры.
Source: PixabayFoto: pixabay.com/CC0
Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка на міжнародным эканамічным форуме «СНД: лічбавая эканоміка – плятформа інтэграцыі».
Беларускі чыноўнік падкрэсьліў, што важнейшым крокам у лічбавізацыі краіны стаў дэкрэт прэзыдэнта «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», падпісаны ў сьнежні 2017 года. З яго прыняцьцем былі створаны ўмовы для дынамічнага разьвіцьця IT-сфэры, атрыманы ўнікальныя канкурэнтныя перавагі для прыцягненьня тэхналёгій, інвэстыцый, а таксама вядучых спэцыялістаў і кампаній з усяго сьвету, рэзыдэнты якіх могуць у льготным падатковым і прававым рэжыме адкрываць свае прадстаўніцтвы і працаваць у буйнейшым IT-клястары Усходняй Эўропы – беларускім Парку высокіх тэхналёгій.
Віцэ-прэмʼер канстатаваў, што ў Беларусі праводзіцца сыстэмная работа па разьвіцьці электроннага ўрада, разьвіваецца сыстэма прадстаўленьня дзяржаўных электронных паслуг грамадзянам і бізнэсу, ствараецца Беларуская інтэграваная сэрвісна-разьліковая сыстэма. Ён таксама нагадаў, што ў 2018 годзе Беларусь паднялася на 38-е месца ў рэйтынгу ААН па ўзроўні разьвіцьця электроннага ўрада (United Nations E-Government Survey 2018), перамясьціўшыся на 11 радкоў уверх у параўнаньні з вынікамі 2016 года.
Паводле Белта/юл