У Менску пройдзе першая Адкрытая алімпіяда па фінансавым аналізе
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
13.03.2019 16:35
Алімпіяда будзе спрыяць разьвіцьцю фінансавай пісьменнасьці ў Беларусі.
www.pixabay.com
У Менску з 11 па 12 красавіка пройдзе першая Адкрытая алімпіяда па фінансавым аналізе. У ёй змогуць узяць удзел студэнты і магістранты ўсіх ВНУ краіны. Партнэрам алімпіяды выступае Альфа-Банк.
Алімпіяда будзе спрыяць разьвіцьцю фінансавай пісьменнасьці ў Беларусі. А таксама дазволіць вырашыць дзьве важныя задачы: знайсьці пэрспэктыўных маладых аналітыкаў і прывіць студэнтам ідэю пастаяннага навучаньня з улікам сусьветных стандартаў CFA (Chartered Financial Analyst).
Узяць удзел у алімпіядзе можна бясплатна. Алімпіяда праводзіцца факультэтам маркетынгу, мэнэджмэнту і прадпрымальніцтва БНТУ пры падтрымцы Нацбанка Беларусі і Міністэрства фінансаў, а таксама пры тытульным партнэрстве Альфа-Банка.
Праверыць свае веды могуць студэнты і магістранты ўсіх беларускіх унівэрсытэтаў. Ім трэба будзе на працягу трох гадзін рашыць 120 задач на ангельскай мове. Заданьні максымальна набліжаныя да патрабаваньняў CFA Level 1 Exam – першай прыступкі атрыманьня прэстыжнага сэртыфікату ў сфэры фінансавага аналізу, які выдаецца ўжо 55 гадоў у 27 краінах сьвету і афіляваны з 550 унівэрсытэтамі плянэты.
Пераможца алімпіяды атрымае запрашэньне ў фінансавы блёк Альфа-Банка. Яму таксама аплацяць рэгістрацыю, здачу экзамэнаў і навучальныя матэрыялы ўсіх трох прыступак сэртыфікату CFA Institute.
Спэцыялісты з навыкамі CFA найбольш патрэбныя банкам, якія працуюць з міжнародным рынкам. Іх навыкі, у прыватнасьці, неабходныя для разьвіцьця фармату даверанага кіраваньня, калі банк ад імя кліента набывае каштоўныя паперы на міжнародных біржах і фармуе інвэстпартфэлі.
Наша Ніва/нг