Logo Polskiego Radia
Print

Прыбытак беларускіх дзяржпрадпрыемстваў зьменшыўся ў два разы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.03.2019 15:48
Прыбытак прадпрыемстваў зь дзяржаўным капіталам скараціўся практычна ва ўсіх абласьцях.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Летась чысты прыбытак арганізацыяў зь дзяржаўным капіталам склаў 1,761 мільярда рублёў – удвая менш у параўнаньні з паказьнікам годам раней.

Пра гэта сьведчаць зьвесткі Белстату, апублікаваныя ў бюлетэні аб асноўных паказьніках дзейнасьці арганізацыяў дзяржаўнага сэктару. Прыбытак прадпрыемстваў зь дзяржаўным капіталам скараціўся практычна ва ўсіх абласьцях.

Так, на Берасьцейшчыне чысты прыбытак такіх прадпрыемстваў склаў у мінулым годзе 417,9 мільёна рублёў (менш на 25% у параўнаньні з 2017-м). Дзяржаўны сэктар Менску зарабіў 891 млн рублёў – фінансавы вынік пагоршыўся на 21,1%. У Менскай вобласьці чысты прыбытак склаў 1.200,1 млн рублёў, што на 12,2% менш за паказьнік 2017 году.

Рэзкае скарачэньне чыстага прыбытку адбылося на Гомельшчыне: калі ў 2017 годзе ён складаў 607,2 млн рублёў, то ў мінулым – 8,2 млн. У Гарадзенскай вобласьці дзяржаўны сэктар атрымаў страты ў памеры 236,9 млн рублёў супраць прыбытку ў 2017 годзе на ўзроўні 344,5 млн.

Прадпрыемствы Віцебскай вобласьці адпрацавалі летась са стратай 150,9 млн рублёў супраць прыбытку 262,2 млн у 2017-м. Страты дзяржаўнага сэктару Магілёўскай вобласьці ў выніку 2018 году склалі 368,5 млн рублёў. У 2017-м адмоўны вынік быў крыху вышэйшы – 378 млн рублёў.

Тэма фінансавага становішча дзяржаўных прадпрыемстваў закраналася ў студзені на пашыраным пасяджэньні Нацыянальнага банку. Намесьнік старшыні праўленьня Дзьмітры Калечыц заявіў, што стан дзяржаўнага сэктару застаецца складаным – індыкатарамі гэтага стала зьніжэньне чыстага прыбытку і рэнтабэльнасьці.

Ён адзначыў, што аб’ём патэнцыйных пагрозаў, зьвязаных зь няўстойлівым фінансавым становішчам найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў, ацэньваецца Нацбанкам на ўзроўні 15% ВУП. На думку Калечыца, прычына такога становішча крыецца ў высокім узроўні крэдытных і фіскальных рызыкаў.

www.svaboda.org/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт