Летась Беларусь наведалі амаль 4,8 млн. замежных турыстаў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
27.02.2019 15:45
Гэта амаль на паўмільёна больш, чым у 2017 годзе.
фото: www.pixabay.com
Па дадзеных Дзяржпамежкамітэту, Беларусь у 2018 годзе наведаў 4 791 951 замежны грамадзянін, што амаль на паўмільёна больш, чым у 2017-м. Такія лічбы былі агучаныя сёньня на выніковай калегіі Міністэрства спорту і турызму ў Менску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Магчымасьцю наведаць Беларусь па бязьвізавым рэжыме ў 2018 годзе скарысталіся больш за 100 тыс. іншаземцаў. Чакаецца, што ў гэтым годзе колькасьць замежных гасьцей павялічыцца, бо ў чэрвені Менск прыме II Эўрапейскія гульні, а ў верасьні лёгкаатлетычны матч Эўропа – ЗША. Экспарт турыстычных паслуг у Рэспубліцы Беларусь у студзені-лістападзе 2018 году склаў $ 207,2 млн, тэмп росту – 114,0% да аналягічнага пэрыяду 2017 году.
Турыстычная сфэра ў Беларусі разьвіваецца ў рамках дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасьцінная», мэтай якой зьяўляецца фарміраваньне і разьвіцьцё сучаснага канкурэнтаздольнага турыстычнага комплексу, унясеньне ўкладу турызму ў разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі. У краіне штогод расьце колькасьць аб'ектаў турыстычнай інфраструктуры. Турыстычны патэнцыял Беларусі ў мінулым годзе быў прадстаўлены на 13 міжнародных спэцыялізаваных выставах, праведзена 18 прэзэнтацый турыстычных магчымасьцяў Беларусі.
паводле Белта/нг