Logo Polskiego Radia
Print

Сярэдняя налічаная зарплата зноў меншая за 1 тыс. рублёў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.02.2019 08:07
У студзені 2019 года ў параўнаньні са сьнежнем 2018-га зарплата ўпала на 12%.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Сярэдняя налічаная зарплата ў Беларусі зноў ніжэйшая за 1.000 рублёў, вынікае зь інфармацыі прэм'ер-міністра Сяргея Румаса на паседжаньні Савета міністраў 19 лютага. Студзеньская зарплата аказалася меншай, чым у сьнежні, лістападзе й кастрычніку 2018 году.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба ўраду, за 2018 год рэальныя даходы насельніцтва прырасьлі на 8%, што ў 2,5 разу вышэй за прагнозны ўзровень. Рэальная заработная плата вырасла на 11,6%, у тым ліку ў бюджэтнай сфэры — амаль на 14%.

„Ужо ёсьць статыстыка за студзень: сярэдняя зарплата склала 982 рублі (455 даляраў ЗША ў пераліку па курсе Нацбанка на канец месяца. — БелаПАН.) і, у прынцыпе, знаходзіцца ў рамках прагнозу ўраду”, — сказаў Румас. Ён адзначыў, што ў 2019 годзе ўрад будзе асаблівую ўвагу надаваць даходам нізкааплатных катэгорый работнікаў, цяпер большая частка такіх работнікаў засяроджаная ў бюджэтнай сфэры.

Паводле зьвестак Белстата, намінальная налічаная сярэдняя зарплата работнікаў у сьнежні 2018 году склала 1.115,3 рубля (516,4 даляра). У параўнаньні зь лістападам зарплата вырасла на 12,2% (з 994 рублёў), у параўнанні са сьнежнем 2017 года — на 12,1% (з 995,3). Спажывецкія цэны ў мінулым годзе павысіліся на 5,6%. Такім чынам, рэальная зарплата павялічылася на 6,2% (сьнежань да сьнежня).

Паводле падлікаў БелаПАН, у студзені 2019 году ў параўнаньні са сьнежнем 2018-га зарплата ўпала на 12% (рэальная, з улікам інфляцыі — на 12,7%), з лістападам — на 1,2% (2,9%), з кастрычнікам — на 1,8% (4%).

У сувязі з гадавымі выплатамі зарплата ў сьнежні заўсёды нашмат вышэйшая, чым у лістападзе й студзені. У найноўшай гісторыі Беларусі выключэньнем сталі першыя месяцы 1992—1995, 1999, 2000 і 2012 гадоў, калі назіраўся высокі ўзровень інфляцыі, зарплата таксама хутка расла й аказвалася вышэйшай, чым у сьнежні.

Студзеньская зарплата звычайна вышэйшая за лістападаўскую. Гэты год стаў выключэньнем. Такая ж карціна назіралася ў 2009—2011 і 2014—2016 гадах. Зарплата ў студзені была ніжэйшай, чым у кастрычніку папярэдняга году, у 2007, 2009, 2010, 2014—2017 і 2019 гадах.

belapan.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт