Logo Polskiego Radia
Print

МУС патлумачыла тарыфы на аплату паслугаў міліцыі падчас мітынгаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 12.02.2019 15:06
Пра гэта распавёў кіраўнік аддзелу масавых мерапрыемстваў упраўленьня аховы правапарадку МУС Уладзімір Станілевіч.
youtube.com/screen

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Менску распавёў кіраўнік аддзелу масавых мерапрыемстваў упраўленьня аховы правапарадку МУС Уладзімір Станілевіч.

Вызначаюцца аплаты ў памеры: 3 базавыя велічыні (1 БВ - 25,5 руб.) - для мерапрыемства з колькасьцю ўдзельнікаў да 10 чалавек; 25 БВ - ад 11 да 100 чалавек; 150 БВ - ад 101 да 1 000 чалавек; 250 БВ - больш за 1 000 чалавек. Пры правядзеньні мерапрыемстваў у месцах, якія ня аднесены мясцовымі органамі да пастаянных месцаў для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, да паказаных памераў прымяняецца павышаючы каэфіцыент 1,5.

Паводле прадстаўніка МУС, усталяваныя тарыфы – сярэдні кошт вулічнай акцыі, які прадугледжвае выкарыстаньне сыстэмаў відэаназіраньня, металадэтэктараў, праверку месца правядзеньня мітынгу сапёрнымі групамі, а таксама выкарыстаньне адмысловай агароджы і патрульных аўтамабіляў ДАІ.

«Тарыфы вызначаліся разьлікова-аналітычным шляхам на падставе падпісаных раней дамоваў паміж арганізатарамі мерапрыемстваў і тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных справаў. Улічвалася колькасьць працаўнікоў органаў унутраных справаў, тэхнічных сродкаў і ўдзельнікаў мерапрыемства», – патлумачыў В. Станілевіч.

Нагадаем, што пастанова ўраду № 49 зацьвердзіла Палажэньне аб аплаце паслугаў па ахове грамадзкага парадку. Дакумэнт быў прыняты ў адпаведнасьці з законам ад 17 ліпеня 2018 года «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”».

minsknews.by/belsat.by/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт