Пасол ЭЗ распавяла, калі патаньнее Шэнген для беларусаў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
11.02.2019 18:02
Для завяршэньня спрашчэньня візавага рэжыму з ЭЗ Беларусі застаецца дамовіцца аб колькасьці консулаў.
Аляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
У спрашчэньні візавага рэжыму Беларусі й Эўразьвязу застаўся апошні крок, распавяла кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ у Менску Андрэа Віктарын. Яна патлумачыла, што ж перашкаджае завяршыць гэты працэс.
Для завяршэньня спрашчэньня візавага рэжыму з ЭЗ Беларусі застаецца дамовіцца аб колькасьці консулаў. Андрэа Віктарын адзначыла, што яшчэ ў 2015 годзе яны прапаноўвалі Менску падпісаць дэкларяцыю аб консульскіх работніках. «Гэта значыць, калі становіцца больш працы, каб амбасады маглі запытваць больш консулаў», – патлумачыла яна.
Эўрапейскі Зьвязу, паводле словаў Віктарын, зрабіў беларускаму боку кампрамісную прапанову, і працягвае чакаць канчатковага рашэньня. «Гэта будзе апошні крок, і нам застанецца завяршыць працэдуру (спрашчэньня візавага рэжыму – заўв.)», – цытуе кіраўніка прадстаўніцтва ЭЗ TUT.by.
Пасьля ўзгадненьня тэксту й пры гатоўнасьці абодвух бакоў падпісаць пагадненьне, завяршэньне працэдур зойме каля двух-трох месяцаў з эўрапейскага боку. Нейкі час спатрэбіцца на выкананьне ўсіх працэдур з боку Беларусі, пасьля чаго пагадненьне ўступіць у сілу.
«З эўрапейскага боку робіцца ўсё, каб падпісаць пагадненьні (аб спрашчэньні візавага рэжыму й рэадмісіі – заўв.). Гэта ў нашых інтарэсах», – сказала на заканчэньне Андрэа Віктарын.
Раней паведамлялася, што пасьля спрашчэньня візавага рэжыму кошт візаў для беларусаў, якія плянуюць паездкі ў ЭЗ, зьнізіцца да 35 эўра.
тэлеграф/вс