Logo Polskiego Radia
Print

Заведзена крымінальная справа па зьнішчэньні лаўкі Клінтана

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 09.02.2019 12:59
Актывісты абароны Курапат сьцьвярджаюць, што вылічылі вандала, які на днях зьнішчыў лаўку Клінтана.
Лаўка Клінтана пасьля зьнішчэньняЛаўка Клінтана пасьля зьнішчэньняФота: Svaboda.org

Актывісты абароны Курапат сьцьвярджаюць, што вылічылі вандала, які на днях зьнішчыў лаўку Клінтана. Вандал «клюнуў» на разьмешчаную ў СМІ інфармацыю пра тое, што 9 лютага рэшткі лаўкі будуць вывезены з Курапат.

Вандал прыйшоў да разьбітай лаўкі. Актывісты з розных кропак рушылі на перахоп, аднак вандал уцёк у бок Крыжа Пакут, а затым на аўтамабілі па МКАД. Нумар аўтамабіля зафіксаваны. Падазраванаму каля 50 год і ён падобны да аднаго з правакатараў, заўважаных раней. Інфармацыю пацьвердзіла адна з абаронцаў Курапат Ганна Шапуцька.

У той жа час Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу па факце разбурэньня лаўкі Клінтана.

Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэта па Менскай вобласьці Тацьцяна Беланог: «Па першым факце пашкоджаньня «лаўкі Клінтана» Менскім раённым аддзелам Сьледчага камітэта заведзена крымінальная справа па частцы 1 артыкула 344 Крымінальнага кодэксу. У адносінах да апошняга факту вядзецца праверка, па выніках якой будзе прынята працэсуальнае рашэньне».

Першая частка 344 артыкула прадугледжвае пакараньне ад грамадзкіх работ да трох гадоў зьняволеньня за наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцей або матэрыяльных абʼектаў, якім можа быць прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі паведаміў, што ён і яго паплечнікі забяруць з Курапат кавалкі лаўкі Клінтана і схаваюць да лепшых часоў. Сп. Чахольскі паведаміў, што сьледчыя сказалі, што неабходныя сьледчыя дзеяньні з кавалкамі лаўкі ўжо выкананы, і іх можна забраць.

Лаўку Клінтана вандалы ўжо псавалі больш за 20 разоў, але яе аднаўлялі, аднак улады Беларусі нічога не зрабілі, каб знайсьці і пакараць злачынцаў.

Svaboda.org; Novychas.by/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт