Logo Polskiego Radia
Print

Мінабароны: Будзем умацоўваць дзяржаўнасьць

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 08.02.2019 08:09
Міністар абароны Беларусі ня бачыць пагроз у сувязі з выхадам ЗША з Дагавора аб ракетах малой і сярэдняй далёкасьці.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com

Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў ня бачыць новых пагроз для нацыянальнай бясьпекі ў сувязі з выхадам ЗША з Дагавора аб ракетах малой і сярэдняй далёкасьці (ДРСМД). У той жа час міністар адзначыў, што «будзем умацоўваць Узброеныя Сілы, умацоўваць абараназдольнасьць, дзяржаўнасьць, саюз Беларусі і Расеі».

Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці быў падпісаны кіраўнікамі ЗША і СССР у 1987 годзе. Паводле яго бакі абавязваліся зьнішчыць усе комплексы балістычных і крылатых ракет наземнага базаваньня, а таксама не вырабляць і не праводзіць выпрабаваньняў такіх ракет у будучыні.

Міністэрства замежных спраў Беларусі 4 лютага выказала занепакоенасьць выхадам ЗША з дагавора, заклікаўшы ЗША і Расею да адказнасьці.

ЗША пачалі выходзіць з дагавора 2 лютага. У адказ на гэта прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Масква прыпыняе ўдзел у дагаворы.

Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дагавор аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.

Масква абвяргае ўсе абвінавачваньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дагаворам 1987 года.

У той жа час экспарт прадпрыемстваў Дзяржкамваенпрама Беларусі па выніках 2018 года перасягнуў $1 млрд, — паведаміў старшыня Дзяржкамваенпрама Раман Галоўчанка.

Узаемны тавараабарот з Расеяй па прадукцыі ваеннага прызначэньня склаў у 2018 годзе каля $600 млн. Беларускі экспарт у Расею перавышае расейскі імпарт у Беларусь.

ДВПК удалося дывэрсыфікаваць экспарт па схеме «30-30-30». Асноўныя рынкі — РФ і іншыя краіны СНД, Афрыка і Азія.

Па дзяржабаронзаказе было пастаўлена ў войскі, адрамантавана, мадэрнізавана больш за 780 узораў узбраеньняў і ваеннай тэхнікі. Па шэрагу ўзораў завершаны досьледна-канструктарскія работы. У беларускія Узброеныя Сілы пастаўляліся бесьпілётнікі, радыё- і радыёрэлейныя станцыі, браніраваныя машыны.

Interfax.by; Belta.by/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт