У Аршанскім раёне ствараюць эканамічны рай
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
16.01.2019 17:12
Там ёсьць спробы лібэралізаваць заканадаўства.
pixabay.com/CC0 Creative Commons
У Аршанскім раёне ўсталёўваецца адмысловы рэжым падаткаабкладаньня ўсіх суб’ектаў гаспадараньня. Яны цяпер ня будуць плаціць ПДВ пры ўвозе тэхналягічнага абсталяваньня, зьніжаюцца стаўкі падатку пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня да 1%, зьмяншаюцца адлічэньні на пэнсіі, скасоўваюцца адсоткі за карыстаньне адтэрміноўкай у выплаце падаткаў.
Зьмены прадугледжаныя ўказам №506, які падпісаў беларускі кіраўнік.
«Я ня веру, што падчас гэтага экспэрымэнту ў рэгіёне, як кажуць, адразу вырасьце горад-сад, але сытуацыя з працоўнымі месцамі ў Аршанскім раёне, безумоўна, палепшыцца. Там будуць лепшыя ўмовы для бізнэсу, для прадпрыемстваў, у рэгіён пойдуць фінансы», - пракамэнтаваў радыё Рацыя эканаміст Леў Марголін.
Спэцыяліст зьвяртае таксама ўвагу на іншае: «Там ёсьць спробы лібэралізаваць заканадаўства, што датычыцца нейкіх дробных эканамічных злачынстваў, плянуецца зьменшыць праверкі. Вось калі гэта ўдасца здзейсьніць, і калі гэты вопыт распаўсюдзіцца на ўсю краіну, то гэта будзе добры вынік».
racyja.com/яс