Чаму бацькі дзяцей да сямі гадоў апынуліся ў базе «дармаедаў»
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
16.01.2019 14:49
Чыноўнікі пакінулі гэтую катэгорыю, каб зь імі дадаткова папрацаваць.
pixabay.com/Public Domain CC0
Камісія па каардынацыі працы па садзеяньні занятасьці Першамайскага раёну Менску патлумачыла, чаму пакінула ў базе незанятых у эканоміцы мужчын, якія маюць дзяцей ва ўзросьце да 7 гадоў.
Згодна з пастановай Савету Міністраў ад 31 сакавіка 2018 году грамадзяне Беларусі, якія маюць дзяцей ва ўзросьце да 7 гадоў, лічацца занятымі ў эканоміцы. Гэта мае значэньне пры вызначэньне велічыні камунальных аплат.
Начальніца ўпраўленьня сацыяльнай абароны адміністрацыі Першамайскага раёну Вольга Васілеўская сказала ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што камісія не парушала пастановы ўраду.
«Мы не парушаем нормы пастановы. Яны [бацькі дзяцей] будуць выключаныя. Але мы пакінулі гэтую катэгорыю, каб зь імі дадаткова папрацаваць. Мы павінны высьветліць сытуацыю з маці дзіцяці, зрабіць прывязку», — патлумачыла Вольга Васілеўская.
Напярэдадні БелТА распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што камісія па каардынацыі працы па садзеяньні занятасьці Першамайскага раёну Менску выявіла 170 жанчын і 188 мужчын, якія маюць дзяцей да 7 гадоў і аплачваюць камунальныя паслугі.
Камісія вырашыла не выключаць мужчын з «дармаедзкага» сьпісу, а «правесьці работу па аказаньні садзеяньня занятасьці». Маўляў, «у аўтаматычным рэжыме немагчыма выявіць, ці самастойна яны выхоўваюць дзяцей бязь іхных маці».
Гэтых асобаў цяпер абтэлефаноўваюць «для ўдакладненьня сытуацыі».
svaboda.org/яс