Logo Polskiego Radia
Print

М. Захарава не сумняецца, што Беларусь застанецца стратэгічным партнэрам Расеі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.01.2019 14:13
Такім чынам прадстаўніцам МЗС Расеі пракамэнтавала заявы А. Лукашэнкі, што Расея можа страціць «адзінага саюзьніка на заходнім напрамку».
Pixabay.com/Ronny K/CC0 Creative Commons

Стратэгічны курс на ўмацаваньне стасункаў зь Беларусьсю ня ставіцца пад сумнеў, заявіла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава. Яна сказала, што з гэтай мэтай створана адпаведная расейска-беларуская рабочая група.

«Беларусь — наш надзейны саюзьнік, партнэр. Курс на пашырэньне стратэгічнага ўзаемадзеяньня зь Менскам не падлягае сумневу, гэта замацавана, у прыватнасьці, у канцэпцыі замежнай палітыкі нашай краіны. Мы лічым, што ў рамках Саюзнай дзяржавы яшчэ шмат можна зрабіць, каб падвысіць эфэктыўнасьць інтэграцыйнага фармату», — казала расейская чыноўніца.

Такім чынам Марыя Захарава пракамэнтавала нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Расея можа страціць «адзінага саюзьніка на заходнім напрамку». Прычынай кіраўнік Беларусі назваў адсутнасьць дамоўленасьцяў наконт кампэнсацыі за падатковы манэўр Расеі ў нафтавай сфэры.

«Ня трэба лічыць, што гэта катастрофа. Калі кіраўніцтва Расеі выбера такі шлях руху і страту адзінага саюзьніка на заходнім напрамку, гэта іх выбар — мы ж іх прымусіць ня можам», — заявіў Лукашэнка на нарадзе з урадам.

паводле www.svaboda.org/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт