Logo Polskiego Radia
Print

У 2019 годзе запаволіцца рост заробкаў беларусаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.01.2019 10:09
Абяцаньне Лукашэнкі падняць заробак да пяцісот даляраў адкладаецца.

Па выніках 2019 году Міністэрства працы Беларусі чакае росту рэальных заробкаў беларусаў на 3,5%, заявіла міністарка Ірына Касьцевіч. Чыноўнікі разьлічваюць, што большы рост будзе ў бюджэтнай сфэры – на 4,5%. Гэта адпавядае пастаўленай Лукашэнкам задачы – падняць рэальныя грашовыя даходы на 3,4% за 2019 год.

Аднак беларускі ўрад не чакае амаль ніякага росту заробкаў. Урадоўнікі прагназавалі, што на канец 2019 году сярэдні заробак у Беларусі вырасьце да 1134,7 рубля. Пры гэтым інфляцыя складзе 5%, што азначае, што ў 2019-м у людзей намінальна будзе больш грошай, але застанецца амаль такая ж пакупніцкая здольнасьць – рэальны заробак амаль ня вырасьце.

Такім чынам, аддаляецца пэрспэктыва абяцаных беларускім кіраўніком 500 даляраў сярэдняга заробка. У лістападзе 2018 году сярэдні налічаны заробак (да вынятку падаткаў і збораў) склаў 994 рублі, што на 12,7% больш за лістапад-2017. Але гэта ўсё роўна ня 1000 рублёў, або 500 даляраў, якія Аляксандар Лукашэнка абяцае беларусам ужо 12 гадоў. Тыя 994 рублі, паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку, гэта 468,29 даляра.

Пры цяперашнім росьце курсу даляра нават 1000 рублёў ня дасьць «па пяцьсот» заробку.

Паводле Белта/Радыё «Свабода»/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт