Чатыры гадзіны працягваліся перамовы кіраўнікоў Беларусі і Расеі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
26.12.2018 10:54
У. Пуцін і А. Лукашэнка дамовіліся стварыць рабочую групу па вырашэньні праблемных пытаньняў.
Аляксандр Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы (архіўны здымак)фота: прэс-служба кіраўніка Беларусі
Вынікам чатырохгадзінных перамоваў прэзыдэнтаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якія прайшлі ў Крамлі 25 сьнежня, стала дамоўленасьць пра стварэньне рабочай групы па вырашэньні праблемных пытаньняў.
«Была дасягнутая дамоўленасьць стварыць рабочую групу, якая будзе ўзаемадзейнічаць і складацца з прадстаўнікоў урада. І гэтая рабочая група будзе рыхтаваць прапановы па нашай далейшай інтэграцыі і вырашэньні тых надзённых пытаньняў, якія турбуюць урады нашых краін», – паведаміў журналістам першы віцэ-прэм'ер, міністар фінансаў РФ Антон Сілуанаў.
Паводле слоў чыноўніка, падчас перамоваў закраналіся пытаньні ўсёй праблематыкі двухбаковых адносін. «У першую чаргу мы абмяркоўвалі зьмены, які ў наступным годзе будуць адбывацца ў падатковым заканадаўстве Расійскай Фэдэрацыі, нашы пляны па зьменах у галіне падаткаабкладаньня нафтагазавага сэктара. Абмяркоўваліся пытаньні нашых сумесных дзеяньняў у галіне цэнаўтварэньня на газ, на энэргарэсурсы», – сказаў прадстаўнік расійскага ўрада.
«Дамовіліся таксама пра збліжэньне пазыцый па ўсіх гэтых напрамках», – заявіў ён. Акрамя таго, паводле слоў Сілуанава, адзначалася, што з 2020 года бакі павінны выпрацаваць прапановы па фарміраваньні цаны на газ.
Падчас пратакольнай здымкі Пуцін заявіў, што дапускае адсутнасьць канкрэтных вынікаў перамоў: «Я сёньня прапаную, нават калі мы не выйдзем на нейкія канчатковыя рашэньні, усё-такі мы з вамі дамаўляліся разам паслухаць абодва бакі. А калі дамовімся, зусім будзе добра».
«Мы сапраўды можам дамовіцца, таму што каманды, якія з намі тут знаходзяцца, правялі шэраг раундаў перамоваў. Яны ведаюць праблемы, ды і мы з вамі ўжо глыбока абазнаныя ў тых пытаньнях, якія трэба сёньня вырашыць. Хацелася б, каб мы вырашылі гэтыя пытаньні і ў новы год не цягнулі старыя праблемы», – сказаў у сваю чаргу Лукашэнка.
Напярэдадні сустрэчы абодва бакі выступілі з жорсткімі заявамі. Лукашэнка, у прыватнасьці, сабраў нараду па актуальных пытаньнях узаемадзеяньня з РФ, дзе паведаміў, што на працягу трох гадоў з-за падатковага манэўру беларускі бюджэт страціў амаль 4,5 млрд долараў, а да 2024 года панясе страт яшчэ на 10,5 млрд. Беларускі кіраўнік выказаў зьдзіўленьне, чаму спыніліся перамовы аб кампэнсацыі гэтых страт.
У сваю чаргу расійскія чыноўнікі заявілі, што нічога Мінску не абяцалі, а памер падтрымкі залежыць ад ступені інтэграцыі дзьвюх краін. Акрамя таго, неназваны прадстаўнік урада РФ абвінаваціў Лукашэнку ва ўтрыманскіх настроях. Масква нагадала Мінску пра невыкананьне апошнім шэрагу палажэньняў Дагавора аб стварэньні Саюзнай дзяржавы ад 8 сьнежня 1999 года.
Дзьмітрый Уласаў, БелаПАН.