Партыя БНФ просіць пра дапамогу ў выплаце арэнды
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
20.12.2018 14:34
Рыгор Кастусёў зьвярнуўся да ўсіх, каму ў свой час дапамагла ягоная партыя.
www.narodny.org
Падчас падзеяў у сьнежні 2010 года сядзіба БНФ дапамагла сотням пацярпелых і арыштаваных падчас пратэстаў. Але сёньня яна сама мае патрэбу ў дапамозе, каб аплаціць запазычанасьць па арэндзе.
Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў зьвярнуўся з такой просьбай да ўсіх, каму ў свой час дапамагла ягоная партыя.
«Восем гадоў таму (…) пасьля 19 сьнежня сядзіба БНФ на вуліцы Варвашэні стала асноўным цэнтрам збору дапамогі: тут грамадзкія актывісты зьбіралі зьвесткі пра зьняволеных, арганізоўвалі дастаўку перадачаў вязьням, дапамагалі ім і іх сем’ям інфармацыяй і падтрымкай», – заявіў Кастусёў.
Пасьля гэтых падзей менскія ўлады скасавалі дамову аб арэндзе сядзібы на Варвашэні і Партыя БНФ была вымушаная пераехаць у іншае памяшканьне на вуліцы Чарнышэўскага. Цяпер запазычанасьць па аплаце яе арэнды складае 28 тысяч 950 рублёў. Яе неабходна пагасіць да канца бягучага года, каб працягваць там працаваць.
Як паведаміў Белсату Кастусёў, на сёньняшні дзень сабралі ўжо больш за палову, «тысячаў 14-15 ёсьць», – паведаміў старшыня БНФ. Паводле яго, людзі ахвяравалі як праз банкаўскія рахункі, так і асабіста, прыносячы грошы ў сядзібу.
belsat.eu/яс