Украіна заблякавала пастаўку беларускіх угнаеньняў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
15.12.2018 12:01
Ва Ўкраіне гучаць меркаваньні, што расейскія ўгнаеньні могуць увозіцца „пад гандлёвымі маркамі Беларусі”.
Photo: RonnyK/pixabay.com/CC0 Public Domain/
Украінская мытня спыніла каля 80 вагонаў, якія вязуць ва Ўкраіну азотныя й складаныя (NPK) угнаеньні, піша ўкраінскае агенцтва „Инфоиндустрия”.
Украінскія мытнікі ад 7 сьнежня патрабуюць ад імпартэраў сплаціць мыта 42,96% пры ўвозе беларускіх угнаеньняў. Чакаецца, што да 18 сьнежня заблякуюць ужо да 200 вагонаў зь беларускімі ўгнаеньнямі на станцыях Сарны, Корасьцень, Сноўск. Спынілі ўсе партыі ўгнаеньняў, „нягледзячы на тое, што большая частка тавару — NPK зь нізкім утрыманьнем азоту беларускай вытворчасьці”, сьцьвярджаецца ў паведамленьні. Акрамя патрабаваньня сплаты мыта, украінцы хочуць праверыць, колькі азоту ўтрымліваецца ў кожнай партыі прадукцыі.
Украіна зь вясны ўвяла мыта 42,96% на ўгнаеньні расейскага паходжаньня. Ва Ўкраіне гучаць меркаваньні, што расейскія ўгнаеньні могуць увозіцца „пад гандлёвымі маркамі Беларусі”.
У „Белнафтахіме” Tut.by заявілі, што „Гродна Азот” і „Гомельскі хімічны завод” пастаўляюць толькі ўласную прадукцыю, якая мае сэртыфікаты якасьці й адпаведнасьці. „Белнафтахім” спадзяецца, што пастаўкі адновяцца пасьля праверкі.
Паводле „Инфоиндустрии”, з аналягічнымі праблемамі сутыкнуліся імпарцёры й зь іншых краінаў.
svaboda.org/аз