Севярынца аштрафавалі і канфіскавалі рэчы
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
14.12.2018 10:59
Ля Курапат у чарговы раз затрымалі ўдзельнікаў пікета супраць рэстарана «Поедем, поедим».
Павел СевярынецФота: facebook.com
Удзельнікаў пікета ля рэстарана «Поедем, поедим» Паўла Севярынца і Сяргея Анянкова аштрафавалі на вялікія сумы. Севярынец мусіць заплаціць дзяржаве 1200 рублёў (49 базавых велічынь), а Анянкоў — 931 (38 базавых).
Актывістаў прызналі вінаватымі ў непадпарадкаваньні міліцыі (артыкул 23.4 адміністрацыйнага кодэкса). Яны ж кажуць, што непадпарадкаваньня не было.
Паўла Севярынца і Сяргея Анянкова затрымалі 12 сьнежня каля рэстарана «Поедем поедим» побач з Курапатамі. Увечары іх завезьлі ў Бараўлянскі райаддзел міліцыі і склалі пратакол за непадпарадкаваньне міліцыі. Прычым, міліцыянэраў выклікаў наведвальнік рэстарацыі, які ў ёй часта бывае. Ён адмовіўся ўзяць буклеты пра Курапаты і пакінуць аўтамабіль на ўезьдзе, пачаў скандаліць. Такую вэрсію падзей выклалі Севярынец і Анянкоў.
14 сьнежня Павел Севярынец паведаміў у фэйсбуку, што ў яго канфіскавалі тэлефон Nokia 73 і гадзіньнік «Луч», якія застануцца у ізалятары часовага ўтрыманьня, адкуль палітыка выпусьцілі, да выплаты штрафу. Паводле слоў Севярынца, гэткае здарылася зь ім упершыню. Рэчы Севярынца будуць знаходзіцца ў бараўлянскай міліцыі.
Svaboda.org; facebook.com/вк