Logo Polskiego Radia
Print

У Берасьці зноў пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.12.2018 14:48
«Чыноўнікі хочуць запусьціць завод, нягледзячы на ўсе парушэньні».
фота: svaboda.org

Праціўнікі акумулятарнага заводу ў Берасьці зноў выйшлі на плошчу. 9 сьнежня прысутныя абмяркоўвалі асабісты прыём праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода міністрам прыроды і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэем Худыком 5 сьнежня.

У паведамленьні адзначаецца, што «міністар падзякаваў актывістам ініцыятыўнай групы за неабыякавае стаўленьне да праблем навакольнага асяродзьдзя і адзначыў, што шэраг выкладзеных фактаў ужо ўлічаныя ў працы спэцыялістаў прыродаахоўнага ведамства, а шэраг новых заслугоўваюць дадатковага разгляду».

Як паведаміў праваабаронца Дзьмітрый Бекалюк на сёньняшняй сустрэчы праціўнікаў завода на плошчы Леніна, пасьля размовы ў Мінпрыроды ў актывістаў «зьявілася яшчэ больш пытаньняў». Ён лічыць, што «чыноўнікі хочуць запусьціць завод, нягледзячы на ўсе парушэньні».

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА «АйПаўэр» вядзецца на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекту і дамагаюцца прыпыненьня будаўніцтва.

Радыё Рацыя/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт