Вежу гальшанскага палаца Сапегаў адновяць у сьнежні
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
29.11.2018 11:00
Работы па аднаўленьні фасада паўночнай вежы гальшанскага палаца Сапегаў плянуецца завяршыць да канца года.
Гальшанскі палац СапегаўФота: commons.wikimedia.org/Ілья Аксенаў/CC BY-SA 3.0
Знадворныя работы па аднаўленьні паўночнай вежы Гальшанскага палаца Сапегаў плянуецца завяршыць да канца года, паведамілі ў Ашмянскім райвыканкаме. На рэстаўрацыю былога палаца XVII ст. быў выдзелены грант з фонду прэзыдэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ў памеры 250 тыс. бел. руб. Работы актыўна вядуцца зь вясны. Аднаўляюцца паўночная вежа — элемэнт, які лепш за ўсё захаваўся, а таксама прылеглыя да яе сьцены, рэшту замка закансэрвуюць.
«Падрыхтоўчы этап — праектаваньне, архіўнае дасьледаваньне і вывучэньне, археалягічнае суправаджэньне — быў раней праведзены па праграме «Культура Беларусі». Таксама было расчышчана падножжа сьцен палаца Сапегаў: ён нават крыху «падрос», — расказаў мэтадыст па музэях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела мэтадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік.
У час гэтых работ правялі і сартаваньне адколатай цэглы, якая некалі ўпала. Цяпер яна выкарыстоўваецца для аднаўленьня вежы і сьцен. Яе называюць «пальчатка», таму што на цэгле відаць баразёнкі ад пальцаў тых, хто яе вырабляў некалькі стагодзьдзяў таму.
Дарэчы, для работы выкарыстоўваюць спэцыяльныя растворы і грунтоўкі, якія не толькі ствараюць эфэкт даўніны, але абараняюць і захоўваюць аўтэнтычныя цэглу і элемэнты. «Выканана гідраізаляцыя фундамэнта, адноўлена мураваньне сьцен, сьцены ўзмоцнены і фрагмэнтамі атынкаваны, адноўлена кроквенная сыстэма, пакладзена чарапіца, усталяваны флюгер. Па праекце завершаны знадворныя работы будуць да канца года», — дадаў Сяргей Жылік.
Плянуецца, што хутка будзе зманціравана і знадворная лесьвіца, якая дасьць магчымасьць наведваць другі і трэці ўзроўні вежы. Цікава, што першапачаткова сувязі паміж паверхамі ўнутры вежы не было. На іх траплялі з разьмешчанага побач корпуса, які цяпер разбураны.
На 2019 год заплянаваны работы па ўнутранай аддзелцы вежы: тынкоўка сьцен, росьпіс, стварэньне ляпнога дэкору, каміна, укладка пліткі на падлогу. У пэрспэктыве тут разьмесьціцца музэй.
Belta.by/вк