Logo Polskiego Radia
Print

Будслаўскі фэст унесены ў сьпіс ЮНЭСКА

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 29.11.2018 08:00
Урачыстасьць у гонар Абраза Маці Божай Будслаўскай уключана ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Будслаў. КасьцёлБудслаў. КасьцёлФота: commons.wikimedia.org/Rahnieda/Public domain

28 лістапада Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА падчас 13-й сэсіі (г. Порт-Люі, Маўрыкій) аднагалосна прыняў рашэньне аб уключэньні беларускага элемэнта нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Урачыстасьць шанаваньня Абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у Рэпрэзэнтацыйны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Будслаўскі фэст — гэта адзін з сымбаляў сучаснай беларускай ідэнтычнасьці, урачыстасць, якая адбываецца ў атмасфэры ўсеагульнай павагі і дружбы, аб'ядноўвае розныя групы людзей, незалежна ад іх рэлігійных поглядаў, сацыяльнага статусу і гендарных адрозьненьняў.

Уключэньне беларускага абрада ў сьпіс ЮНЭСКА стала вынікам шматгадовай сумеснай работы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЭСКА, Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў пры шырокім удзеле мясцовых органаў улады, няўрадавых арганізацый і экспэртаў.

У 2009 годзе ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА ўжо быў уключаны беларускі элемэнт нематэрыяльнай культурнай спадчыны — сьвяточны калядны абрад «Калядныя цары» ў вёсцы Семежаве (Капыльскі раён, Менская вобласьць).

У 2018 годзе Беларусь таксама накіравала на разгляд камітэта ЮНЭСКА прапанову аб уключэньні вясновага абраду «Юраўскі карагод» у Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Рашэньне па гэтым пытаньні будзе прынята камітэтам падчас яго 14-й сэсіі ў сьнежні 2019 г.

Mfa.gov.by/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт