У Полацку за квартплату можна разьлічыцца макулятурай
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
23.11.2018 16:47
У горадзе ставяць задачу нарыхтаваць як мага больш другасных рэсурсаў, якія не паедуць на сьметнік, а будуць перапрацаваныя й прынясуць прыбытак.
pixabay.com/Public Domain CC0
У Полацку ўкараняюць ноў-хаў – здачу макулятуры ў кошт квартплаты. Пра гэта новаўвядзеньне распавялі ў Полацкім ЖКГ. У горадзе ставяць задачу нарыхтаваць як мага больш другасных рэсурсаў, якія не паедуць на сьметнік, а будуць перапрацаваныя й прынясуць прыбытак. Да жыхароў, у якіх сабралася 50 і больш кг макулятуры, камунальнікі могуць прыехаць і забраць яе проста з дому.
Трэба толькі зрабіць адпаведную заяўку. Затым інфармацыя аб колькасьці здадзенай сыравіны будзе перададзена ў бухгальтэрыю, дзе разьлічаць суму, на якую паменшаць квартплату. Акрамя таго, у Полацку працуюць 10 нарыхтоўчых ларкоў і адзін перасоўны пункт прыёмкі другаснай сыравіны. Па суботах спэцыяльная машына па графіку аб’яжджае мікрараёны гораду й сельскія населеныя пункты, а летам – яшчэ й дачныя пасёлкі, каб грамадзяне маглі здаць паперу, шкло й плястык паблізу месцаў пражываньня.
Сыстэма паасобнага збору адходаў таксама ўдасканальваецца – у дварах шматкватэрных дамоў, каля гандлёвых цэнтраў, на аўтобусных прыпынках устаноўлена больш за тысячу ярка размаляваных кантэйнэраў з надпісамі «Шкло», «Плястык», «Папера». Толькі за апошні месяц ад насельніцтва й арганізацый раёну было сабрана больш за 106 т макулятуры, 97 т шкла, 13 т ПЭТ-бутэлек, тона плястыка, 4,2 т электраабсталяваньня.
віцебскія весткі/вс