Для перапрацоўкі пэстыцыдаў у Беларусі пабудуюць завод
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
19.11.2018 16:27
У Беларусі 10 тысяч тон пратэрмінаваных пэстыцыдаў, для іх перапрацоўкі пабудуюць завод.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: Vekero/pixabay.com/CC0 Public Domain
Намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Корбут паведаміў, што перапрацоўчы завод для нявыкарыстаных у сельскай гаспадарцы пэстыцыдаў плянуюць пабудаваць у Чачэрскім раёне Гомельскай вобласьці.
Аляксандар Корбут сказаў, што завод зьбіраюцца пабудаваць вельмі хутка, каб прадпрыемства запрацавала ўжо ў 2019 годзе. Тут будзе сучаснае абсталяваньне, на якое выдзелена 3,5 мільёна даляраў.
Усяго ў Беларусі 10 тысяч тон старых пэстыцыдаў; часткова яны складзеныя ў сховішчах, часткова закапаныя ў шасьці магільніках, паведаміў Корбут. Мяркуецца, што ўсе магільнікі пэстыцыдаў будуць ліквідаваныя да 2022 году.
Экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі Аляксандар Ярашук лічыць, што насамрэч нявыкарыстаных пэстыцыдаў яшчэ болей.
„10 тысяч тон — гэта толькі ўлічаныя. А колькі іх раскідана ў лясах, дакладна ніхто ня ведае”. Аляксандар Ярашук назваў дзьве галоўныя прычыны, чаму ў Беларусі засталося шмат нявыкарыстаных пэстыцыдаў.
„Першая — гэта агульная безгаспадарнасьць аграрыяў. Другая — пасьля заканчэньня тэрміну ўжываньня пэстыцыды адразу страчваюць свой карысны эфэкт. Таму карыстацца імі пазьней тэрміну няма ніякага сэнсу”.
Ярашук кажа, што дакладна падлічыць грошы, змарнаваныя на нявыкарыстаныя пэстыцыды, немагчыма.
„Гэта тлумачыцца тым, што колькасьць розных пэстыцыдаў ідзе на сотні. Таму і цэнавы дыяпазон тут вельмі вялікі”, — кажа Ярашук.
Пэстыцыды — хімічныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для барацьбы са шкоднікамі й хваробамі расьлін, а таксама з рознымі паразытамі, пустазельлем.
svaboda.org/аз