Яшчэ адзін грант ад польскага ўраду рэалізаваны ў Беларусі
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
15.11.2018 12:39
У Менску школа № 69 атрымала ад Польшчы спартыўную пляцоўку.
Пляцоўку адкрываюць дырэктар школы Ала Герасімчук і намесьнік Амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі (2 справа)https://minsk.msz.gov.pl/pl
крыніца: Twitter https://minsk.msz.gov.pl/
У гэтай школе ўжо некалькі гадоў выкладаецца польская мова.
Падчас цырымоніі адкрыцьця на дзіцячай пляцоўцы адбылася ўрачыстая лінейка. У сувязі з Днём незалежнасьці Польшчы, які адзначаўся 11 лістапада, дзеці прасьпявалі некалькі польскіх песень і зачыталі польскія вершы.
Намесьнік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі адзначыў, што польскае пасольства на працягу многіх гадоў супрацоўнічае са школай № 69 у Менску. «Мы прафінансавалі лябараторыю дакладных навук, якая працуе ўжо два гады. У гэтым годзе ў рамках малых грантаў польскай амбасады нам удалося прафінансаваць адкрыцьцё дзіцячай і спартыўнай пляцоўкі. Кошт праекту - 20 тысяч эўра», – распавёў дыплямат карэспандэнту Польскага радыё ў Менску.
Дырэктар школы Ала Герасімчук раней у размове з Польскім радыё сказала, што яе школа зьвяртае шмат увагі на спорт, і гэтым самым на здароўе маладых людзей, таму гэты грант зьяўляецца надзвычай важным.
«У школе дагэтуль не было спартыўнай пляцоўкі. Яе зьяўленьне дае дзецям унікальную магчымасьць атрымаць задавальненьне, фізычную падрыхтоўку, палепшыць здароўе й набраць сіл», – дадала Ала Герасюмчук.
Дырэктар адзначыла, што ў мінулым годзе школьная дэлегацыя наведала варшаўскі Цэнтар навукі «Капэрнік». У наступным годзе беларускія дзеці са школы № 69 у Менску хочуць паказаць свае хімічныя экспэрымэнты на Навуковым пікніку ў польскай сталіцы.
яс