Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка сустрэўся з амэрыканскімі аналітыкамі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.11.2018 14:30
Беларускі кіраўнік адзначыў, што сустрэча мае важнае значэньне для беларуска-амэрыканскіх адносін/
Foto: Belta.by

Беларускі кіраўнік сустрэўся ў Менску з прадстаўнікамі амэрыканскіх аналітычных цэнтраў, якія наведалі Беларусь.

У склад амэрыканскай дэлегацыі ўвайшлі экспэрт Цэнтра аналізу эўрапейскай палітыкі Бэн Годжэс, старшы дырэктар Цэнтра дыпляматыі і глябальных дачыненьняў імя Дж.Байдэна Майкл Карпэнтэр, экспэрт аналітычнага цэнтру «Карпарацыя РЭНД» Брус Маклінток, прэзыдэнт Джэймстаўнскага фонду Глен Говард.

У Менску амэрыканскія аналітыкі сустрэліся зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем, пабывалі ў Міністэрстве абароны, Менскім сувораўскім вайсковым вучылішчы, Парку высокіх тэхналёгій.

Падчас сустрэчы х амэрыканскімі экспэртамі Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг гучных заяў. Між іншым беларускі кіраўнік заявіў, што ня бачыць неабходнасьці ў стварэньні расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі. Маўляў, беларускія Ўзброеныя сілы дастаткова рэфармаваныя і ў стане захаваць бясьпеку краіны лепш, чым любая іншая дзяржава, у тым ліку Расея. «Таму нам не патрэбны ніякія базы», сказаў беларускі кіраўнік.

Гэтыя заявы Лукашэнкі не засталіся без увагі Крамля. Аднак, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў журналістам, што пакіне без камэнтароў фразу Лукашэнкі.

У сваю чаргу прэзыдэнт Джэймстаўнскага фонду Глен Говард сказаў журналістам, што стасункі паміж ЗША і Беларусьсю «на сёньняшні дзень выходзяць на новы ўзровень, напаўняюцца вялікім даверам».

У амбасадзе ЗША ў Менску Свабодзе заявілі, што Глен Говард ды іншыя амэрыканскія экспэрты знаходзяцца ў Менску з прыватнай місіяй, яны ня маюць сувязяў з урадавымі арганізацыямі Злучаных Штатаў і выказваюць свой уласны пункт гледжаньня.

Паводле Белта/Радыё «Свабода»/юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт